Колькі каштуе ўтрыманне аўтамабіля?
Ад 20 да 100 беларускіх рублёў абыходзіцца абслугоўванне аўтамабіля ў месяц. Пра гэта нашаму радыё расказалі берасцейскія кіроўцы. Усё залежыць ад стану і маркі аўтамабіля. Але перавагу звычайна аддаюць больш таннаму тавару, як канстатуюць гандляры на мясцовым аўтарынку:
– Можа быць так, што чалавеку патрэбны набор за 400 рублёў, а можа быць і так, што яму патрэбна штосьці дробнае, якое каштуе 3 рублі. Часцей дробязі. Раней было іначай: чалавек прыходзіў і купляў, незалежна ад таго, трэба яно ці не – няхай будзе.
– Самае таннае цяпер найлепш прадаецца. Кітайскага вытворцы, скажам так. Цяжка сказаць, як ездзяць гэтыя запчасткі. Але напэўна горш за нямецкія.
Паводле гандляроў, людзі імкнуцца як найменш набываць інструменты і запчасткі і купляюць толькі самае неабходнае, каб падтрымліваць машыну ў працоўным стане.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
