Колькі каштуюць беларускія цыгарэты на Захадзе
У Вялікабрытаніі кошт на беларускія цыгарэты ўзлятае ў дзесяць разоў. Такую выснову можна зрабіць паводле дадзеных Амерыканскага Інстытута Прадпрымальніцтва (AEI), які апублікаваў справаздачу аб нелегальным гандлі цыгарэтамі ў свеце. Так, на брытанскім “чорным рынку” пачак цыгарэт маркі “ФЭСТ” вытворчасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман” каштуе 4,11 даляры, для параўнання, у Беларусі яго кошт складае каля 40 цэнтаў. Не сакрэт, што жыхары памежных і не толькі рэгіёнаў Беларусі прымаюць актыўны ўдзел у нелегальным продажы тытунёвых вырабаў у ЕЗ, зазначае грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда:
– Кантрабанда з канца 80-х гадоў – гэта своеасаблівае памежнае жыццё. Добрая палова маладых людзей ездзіць у Польшчу і зарабляе на тым, што возіць туды цыгарэты, паліва. Назад яны прывозяць сабе і знаёмым таннейшыя тавары. Зразумела, што на гэта траціш свой час, нервы і ў рэшце рэшт нечым рызыкуеш.
Як правіла, беларускія кантрабандысты прывозяць тавар у польскія памежныя раёны і ў далейшым трафіку цыгарэт на Захад удзел не прымаюць. За пачак “ФЭСТ” перакупшчыкі гатовы заплаціць ад 1,1 да 1,2 даляра ў паграніччы. Чым далей ад мяжы, тым даражэй можна прадаць цыгарэты, але і складаней знайсці перакупшчыка, – кажуць “чаўнакі”.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота aei.org