Колькі “накінуць” Андрэю Бандарэнку?



Былы палітвязень Мікалай Дзядок мяркуе, што праваабаронцу Андрэю Бандарэнку дададуць 1,5-1,8 гадоў зняволення.

Андрэй Бандарэнка – экс-кіраўнік праваабарончай арганізацыі, якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.  Зараз ён адбывае пакаранне ў магілёўскай турме №4.

Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка гэтага года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення.

Папярэдняе судовае пасяджэнне адбудзецца ў Ленінскім раённым судзе Магілёва 9 лютага ў 10.30.

У свой час падобная сітуацыя склалася з былым палітвязнем Мікалаем Дзядком. У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, у дачыненні да яго пачалі новую крымінальную справу за “парушэнне рэжыму адбыцця пакарання”. 26 лютага 2015 года суд працягнуў яго зняволенне на 1 год і 3 дні.

Зараз Мікалай прагназуе, што Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення.

Мікалай Дзядок: Я так лічу, таму што 411-ы артыкул працуе на запужванне, і калі Бандарэнку зараз апраўдаць, то гэта будзе поўным парушэннем ягоных мэтаў. То бок, не толькі палітычныя, але і звычайныя зэкі, даведаўшыся пра апраўдальны прысуд па справе Бандарэнкі, пачнуць меней баяцца „парушаць рэжым утрымання”. Па-другое, думаю, новая справа была накіравана асабіста супраць Бандарэнкі, каб зламаць яго як асобу.

РР: Але некаторыя лічаць, што ў сітуацыі, калі заходнія грошы па-ранейшаму патрэбны ўладам, ніхто не будзе ўласнымі рукамі ствараць яшчэ аднаго палітвязня.

Мікалай Дзядок: Калі б улады хацелі нешта паказаць Захаду, то што ім замінала ўвогуле не заводзіць гэтую крымінальную справу, а проста адпусціць Бандарэнку па сканчэнні тэрміну? Адной праблемай меней было б.

Увогуле, нашая судовая сістэма не прымае апраўдальных прысудаў, тым больш, што датычыцца такіх „механістычных” артыкулаў, як 411-ы. Прысуды па ім выносяцца, па сутнасці, у адміністрацыйным парадку, а не ў судовым. Калі на цябе завялі справу, лічы, што ўжо мінімум год тэрміну ў цябе ёсць. А апраўдаць – значыць прызнаць, што сістэма дрэнна спрацавала, што дарма абвінаваціла чалавека. Гэтага яны прызнаць не могуць.

І яшчэ наконт дэманстрацыі “лаяльнасці” для Еўропы… Міхаіла Жамчужнага, якога ўжо прызналі палітвязнем, днямі накіравалі ў крытую турму і – цішыня. Тое самае будзе і з Бандарэнкам. Пакуль Еўропа знаходзіцца ў поўным маўчанні наконт палітвязняў, апошніх будуць прэсаваць.

РР: У сацыяльных сетках вы напісалі: “Дай Бог, каб гэта быў апошні прысуд Бандарэнкі, бо артыкул 411 можна прымяняць неабмежаваную колькасць разоў…”

Мікалай Дзядок: Тэарэтычна па гэтым артыкуле можна сядзець нават пажыццёва. Былі выпадкі, калі чалавек „заязджаў” з двума гадамі, а вызваляўся праз сем. А ёсць людзі, якім па 4-5 разоў дадавалі тэрміны. Заканадаўствам гэта ніяк не абмежавана. І, калі яшчэ грамадскасць будзе маўчаць, то і з Бандарэнкам такое можа здарыцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя