Консул Украіны: Такія канцэрты нам вельмі патрэбныя



Больш за сотню чалавек сабралася на памятны канцэрт пад назвай “Лесіна песня”, які адбыўся ў Берасці. Імрэза ладзілася да 145-ых угодкаў з дня нараджэння паэткі Лесі Украінкі. Мерапрыемства было двухмоўным, і слухачы пачулі спевы як па-беларуску, так і па-ўкраінску ў выкананні музычных калектываў Берасцейшчыны:

Віктар Місіюк з украінскага навукова-педагагічнага саюзу “Берагіня”: У межах працы абласнога клуба нацыянальных культур, у абласным грамадска-культурным цэнтры ладзяцца такія мерапрыемствы розных нацыянальных таварыстваў. І мы ад свайго таварыства выкарысталі такую магчымасць, каб адзначыць юбілей 145-годдзя з дня нараджэння Лесі Украінкі. Але, канешне, не забыліся ўзгадаць і пра тое, што ў снежні будзе 125 год з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Таму наш канцэрт атрымаўся ўкраінска-беларускі. І нашыя вядучыя, як вы чулі і бачылі, спалучалі дзве мовы, што было няпроста. Але мы карыстаемся такой практыкай больш за год. Думаю, што так яно і будзе далей.

Мы на гэтым канцэрце хацелі паказаць наш хор, з якім мы вядзем супрацу, які мы падтрымліваем. Гэта кобрыньскі хор “Палескія перазвоны”. Гэта, канешне, і ансамблі. Бо некаторыя з іх не бываюць на абласной сцэне: выступаюць у раёне, а пасля ідуць далей, на рэспубліку. І жыхары Берасця проста не бачаць іх. Мы запрасілі маларыцкі ансамбль “Акалада” і традыцыйна ансамбль “Каліна”, які напалову складаецца з чальцоў нашай арганізацыі. Да гэтага далучыліся яшчэ дуэты і салісты. Сярод салістаў магу адзначыць выступ Вольгі Брыштан, якая не прафесійна, а традыцыйна спявае песні сваёй вёскі Поведзь. Гэта такая радзынка, сюрпрыз для слухача.

РР: Якія мэты?

Віктар Місіюк: Трэба нагадаць людзям, каб яны помнілі пра такія даты, звязаныя са славутымі імёнамі Беларусі і Украіны. Канешне, гэта і прывітанне з надыходзячай вясной, і з міжнародным жаночым днём. Гэта падтрымка традыцыйнай і аўтарскай песні.

Генеральны консул Украіны ў Берасці Алег Мысік: Кожны народ мае сваіх герояў, людзей, якімі ганарыцца. У Беларусі гэта Купала, Скарына і іншыя, у Польшчы – Міцкевіч, хоць гэта спрэчнае пытанне… Украіна таксама мае багата сваіх герояў, сярод якіх Леся Украінка. Яна нарадзілася на Палессі – прыгожым і сінявокім. І Леся Украінка блізкая як украінцам, так і беларусам. Яна заслужыла, каб памяць пра яе жыла.

РР: Ці падтрымлівае консульства такія ініцыятывы? І ці шмат іх у нашай вобласці, акрамя “Берагіні”?

Алег Мысік: Звычайна мы падтрымліваем і дапамагаем ім. Вось і зараз дапамаглі з прыездам цудоўнага гурта з Кобрыні. Гэта развівае культурныя стасункі з Беларуссю, падвышае імідж нашай дзяржавы. Асабліва ў такі цяжкі перыяд для нашай краіны, калі Украіна акупавана, частка яе – анэксавана. Таму такія канцэрты нам вельмі патрэбныя.

Памятны канцэрт быў бясплатны, але імпрэзу наведалі пераважна людзі старэйшага пакалення ды прадстаўнікі разнастайных культурніцкіх ініцыятываў.

Леся Украінка – паэтка, пісьменніца і перакладчыца, якая стала вядома, у тым ліку, дзякуючы зборніку вершаў “Лесіна песня”, паводле якога і прыдумалі назву вечару. Па выніках апытанняў, сучасныя ўкраінцы называюць яе адной з самых выбітных суайчынніц разам з Тарасам Шаўчэнкам і Багданам Хмяльніцкім.

Гутарыў Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце