Корбана, Сяргеенку і Жылко – асудзілі на суткі
Затрыманых другога ліпеня ў Менску актывістаў «Альтэрнатывы» Алега Корбана і Уладзіміра Сяргеенку асудзілі. Суд Партызанскага раёна вынес пастанову пра пакаранні іх арыштам за дробнае хуліганства. Таксама пакараны і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Жылко, затрыманы раніцай 3 ліпеня ў сваім доме.
Пра гэта нашаму радыё паведаміла праваабаронца Наста Лойка:
– Суд адбыўся. Іх усіх траіх асудзілі за выходныя дні. То бок у Партызанскім судзе 4 ліпеня адмысловы дзяжурны суддзя іх асудзіў. Я пакуль не ведаю прозвішча гэтага героя. Але па факце ведаю, што Корбану і Сяргеенку далі па 10 сутак, а па Жылко мы зараз удакладняем.
Чакалася, што суды пройдуць сёння. Праваабаронцы звязваюць гэтыя затрыманні і суды са святкаваннем у Менску 3-га ліпеня афіцыйнага Дня незалежнасці.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
