Корзун-Камоцкая: Суд над камунізмам. Пачатак?



А 18 у сталічнай сядзібе Партыі БНФ адбудзецца прэзентацыйны паказ дакументальнай кінастужкі “Суд над камунізмам. Пачатак”.

0ee2f25db9741c4c1d1ad43e2a1c23327eec7eb0040c57a1d2pimgpsh_fullsize_distr

Рэжысёр Віктар Корзун вядзе ў ёй дыялог праз дзесяцігоддзі з рэпрэсаваным  дзедам на тэму “ці пабудавалі Саветы свой камунізм?”.

f5dd71bc4a8db41b77c32a50e03d1cff4138e2f29242541af8pimgpsh_fullsize_distr

Адказы на рытарычнае пытанне мы пачуем ад герояў: сталінскіх і сённяшніх палітвязняў, гісторыкаў, грамадскіх і царкоўных дзеячаў, палітыкаў. Нашы госці – аўтары фільма Віктар Корзун ды Кася Камоцкая.

4a344a01214b806a55114449fc2bd63b1f810fa24676ef40a3pimgpsh_fullsize_distr

РР: Ці адбылося нешта радыкальнае ў свядомасці тых, хто даведаўся праўду пасля 20 з’езда КПСС? І як гэта зрабіць сёння?

Корзун: Мы і спадзяваліся, што тэма будзе “на злобу дня”. А такая назва таму, што гэта ўсёабдымная і не адразу пад’ёмная праца – працэс ці трыбунал над камунізмам – не толькі з асуджэннем, але і з аналізам. У гэтым сэнсе назву можна разгарнуць як “пачатак канца”. Пра што прыгаданыя табой канвульсійныя дзеянні яго прыхільнікаў, мабыць, і сведчаць. У гэтым сэнсе для мяне знятыя фільмавыя сюжэты, як пачаткі цыклаў пра “белыя плямы” гісторыі, пошукі слядоў рэпрэсаваных людзей, пра выкарыстанне сучаснай посткамуністычнай уладай той жа праваслаўнай царквы…

e80b373137006bcf4f22c093d4639b775755228d68c2020b30pimgpsh_fullsize_distr

РР: Не магу не прыгадаць цынічную рэпліку патрыярха Кірыла пра сталінізм як пра проста “такога роду рэжым”…

Корзун: Ну так, таму і кажам пра “пачатак” асуджэння. Яно зараз не падтрымліваецца цяперашнімі беларускімі ўладамі, якія вуснамі Лукашэнкі выказаліся, што, маўляў, не варта варушыць гэту тэму.  Бо дэкамунізацыя закранула б такія пласты ўспамінаў і абуджэння людскай свядомасці, што для ўлады былі б небяспечнымі…

17e7146c1f3259117c996dcd586ac37489d9ab306523611529pimgpsh_fullsize_distr

РР: Хоць “самі па сабе” з 600 у 90-х помнікаў Леніна ў краіне 200 неяк “зніклі”. А ў Лідзе сёння адзін з іх аблілі чырвонай фарбай… Ці патрэбны ў бліжэйшай будучыні Нюрнберг над камунізмам?

Камоцкая: Безумоўна! Але будзем памятаць пра розную з намі сітуацыю ў Нямеччыне, што зведала сваю акцыю збаўлення ды пакаяння. Але гэты шлях быў вонкава прымусовы. А самым зрабіць над сабой духоўную працу “над памылкамі” куды складаней.

53112d9ab56ae6d235a831898fff4e0b97657f43f46d518e46pimgpsh_fullsize_distr

РР: Некаторыя лічаць, што “пачатак” рэабілітацыі камунізму – цяпер у Расеі, дзе аднаўляюць помнікі Сталіна, навучаныя “мысліць дзёрзка” псеўдаінтэлектуалы называюць яго “ паспяховым менеджэрам”. Такія спробы “ачалавечыць” катаў…

Корзун: На жаль, прапаганда, асабліва праз расейскае ТБ, робіць абы-што ў галовах людзей. Тым больш, тыя, што памятаюць жахлівыя часы, з большасці, не выступаюць публічна, або ў ток-шоў запрашаюцца ў якасці адзінока сядзячых “хлопчыкаў для біцця”.

8c60136c6e29510a81600c04746e40c3d52f0c212b38912fa8pimgpsh_fullsize_distr

РР: У сталінскія часы актыўнасць выяўлялі тупалобыя “Шарыкавы”, якім далі каманду “фас”, што ў садызме былі горшымі за “гаспадароў”. Ці таму найбольш важная “антыкамуністычная” прышчэпка для моладзі?

Камоцкая: Мы і хацелі, каб галоўнай аўдыторыяй фільма сталі акурат юнакі і дзяўчаты. У нас ёсць сюжэт, дзе праваслаўная моладзь збіраецца праводзіць фэст на лініі Сталіна. І ў тым, што іх туды прыцягнулі, яны не адчулі дыскамфорту, небяспекі! Шчырыя і добрыя дзеці не думаюць пра гэта, не чытаюць, хоць была адпаведная кампанія “супраць” у незалежнай прэсе. Гэта па-за іх дыскурсам. Да ўсяго, чалавек такая істота, што першапачаткова імкнецца да спрашчэння. І цёмныя інстынкты адразу прачынаюцца, як толькі ўлады “адпускаюць” тых жа Шарыкавых, нішчаць інтэлігенцыю ды культуру.

93c3a2bdcb1dff9a19ac9136ef43942c8b5d7dcd50424a1285pimgpsh_fullsize_distr

Корзун: Так! Ясна, што адным фільмам і дзесяццю мы не зможам перамагчы адразу. Але падахвоціць задумацца і выказацца па гэтых пытаннях магчыма. Спадзяюся, што і “Суд над камунізмам. Пачатак” з’яўляецца прышчэпкай супраць усіх яго формаў ды мімікрыі – проста іх трэба рабіць рэгулярна!

Пасля менскага кінапрагляду на Чарнышэўскага, 3 чакаецца дыскусія на тэму “Наступствы камуністычных рэпрэсій” ды сольныя выступы прадусара фільма, спявачкі Касі Камоцкай, а таксама барда Аляксея Галіча.

Беларускае Радыё Рацыя, Віталь Сямашка, Менск

Фота аўтара ды з архіва аўтараў