Кожную 6-ую групу студэнтаў прапануюць пускаць у крэпасць бясплатна
У мемарыяльным комплексе „Брэсцкая крэпасць-герой” прапрацоўваюць пытанне арганізацыі перыядычнага экскурсійнага абслугоўвання груп студэнтаў і навучэнцаў.
Пра гэта паведаміў дырэктар комплексу Рыгор Бысюк. Ідэя прадастаўлення дадатковай льготы вучнёўскай і студэнцкай моладзі нарадзілася літаральна на днях, прызнаўся кіраўнік мемарыяла.
Падчас свята „Пасвячэнне ў студэнты” з такой прапановай да яго звярнуліся прадстаўнікі Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта.
– Гэта тычыцца навучальных установаў, дзе шмат навучальных групаў. Напрыклад, пяць груп пойдзе за аплату, а шостая група, магчыма, будзе бясплатнай. Гэта прапанова адной з навучальных установаў. Трэба параіцца з усімі, паглядзець эканамічны стан. Для студэнтаў і цяпер кошт 12 тысячаў – гэта не многа, я лічу.
„Нягледзячы на тое, што ў музеі, як і ў большасці іншых, прадугледжаны зніжкі для студэнтаў і навучэнцаў, думаю, такая льгота не будзе лішняй. Трэба, каб моладзь больш актыўна наведвала музеі, ад гэтага мы толькі багацей будзем „, – выказаў меркаванне Рыгор Бысюк.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя