Кожны беларус атрымае СМС пра пачатак перапісу насельніцтва



Кожнаму беларусу прыйдзе СМС пра пачатак перапісу насельніцтва. Пра гэта ў праграме «Тыдзень» на СТВ паведаміла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі Іна Мядзведзева.

„Кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь прыйдзе СМС-апавяшчэнне. Прычым там будзе паказана, хто можа перапісацца (гэта будзе вельмі коратка), і таксама будзе прадастаўлены адрас інтэрнэт-перапісу. Гэта значыць можна будзе з мабільнага тэлефона, напрыклад, адразу ўвайсці на наш сайт па перапісу праз інтэрнэт і практычна пачаць перапіс”, – сказала Мядзведзева.

Перапіс насельніцтва пройдзе ў Беларусі з 4 па 30 кастрычніка. Рэспандэнтам прапануюць адказаць на 49 пытанняў, у тым ліку пра адукацыю, крыніцы сродкаў да існавання, занятасць, колькасць дзяцей, жыллёвыя умовы, родную мову.

Перапісацца можна будзе праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка. Таго, хто да 18 кастрычніка запоўніць анкету па інтэрнэце, выдаляць са спісаў, і перапісчыкі да іх не прыйдуць (яны пачнуць працаваць з 21 кастрычніка).

Паводле zviazda.by