Марш памяці Рамана Бандарэнкі ў Менску



 

Праваабаронцам цяпер вядомыя імёны 257 чалавек, затрыманых у Менску.

„Плошча Перамен” зараз абсалютна пустая. Сілавікі зруйнавалі народны мемарыял Раману Бандарэнку. Вельмі шмат затрыманых.

16.25. На „Плошчы Перамен” пачаліся жорсткія затрыманні. Ідзе зачыстка. Людзі ў чорным руйнуюць народны мемарыял Раману Бандарэнку.

16.00. Сілавікі са шчытамі атачаюць людзей на «Плошчы Пераменаў». Людзі скандуюць «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго» і «Стаім». Літаральна за пару хвілін сілавікі ўзялі плошчу ў кола. Людзі стаяць ля мемарыяла. У двары каля 500 чалавек, сілавікоў у разы больш.

 

фота: Тут.бай

У Савецкім РУУС сталіцы зноў трымаюць людзей тварам да сцяны з узнятымі рукамі.

15.20. Сілавікі з’язджаюць з «Плошчы Перамен».

Людзі не прапусцілі сілавікоў да мемарыяла, а пасля таго, як паднялі рукі і пайшлі на АМАП, тыя крыху адышлі. Людзі крычаць:”За што забілі Рому?!”

Людзі сталі ў счэпку супраць карнікаў на „Плошчы Перамен”. Людзі скандуюць „Забойцы!”

14.55. Да «плошчы Перамен» прыехаў вадамёт.

14.20. На „Плошчу Перамен” прыехалі сілавікі. Супраць людзей ужываюць светлашумавыя гранаты. Чутны стрэлы.

Людзі разбягаюцца, пачаліся жорсткія затрыманні. Людзі крычаць: «Фашысты!»

Людзі працягваюць ісці на „Плошчу Перамен”.

* * * 

Праваабаронцам вядомыя больш за  100 імёнаў затрыманых, інфармацыя дапаўняецца.  

* * * 

Людзі стаяць у ланцугах салідарнасці і скандуюць : „Трыбунал!”. Сігналяць у знак падтрымкі аўто.

Па праспекце Пушкіна ў бок вуліцы Альшэўскага праехалі вадамёты, аўтазакі і тэхніка з калючым дротам. Тут знаходзіцца некалькі соцень байцоў унутраных войскаў. Пратэстоўцы накіроўваюцца па праспекце Пушкіна ў бок Матусевіча. Іх некалькі тысяч, але людзі разбягаюцца, баючыся затрыманняў. Сілавікі жорстка затрымліваюць людзей, у асноўным мужчын.

* * * 

Супраць людзей сілавікі ўжываюць спецсродкі. Чутны выбухі. 

Людзі ўсё ж здолелі сабрацца ў калону, і яна рухаецца ўздоўж «Пушкінскай»

13.00. Дэманстранты перакрылі скрыжаванне вуліц Прытыцкага і Данілы Сердзіча. Тут тысячы людзей, аднак сілавікі не даюць ім сабрацца ў калону.

12.30. Паводле папярэдніх ацэнак, на „Пушкінскай” было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. Людзі невялікі калонай рушылі ў бок вуліцы Арлоўскай, паведамляе tut.by.

Паведамляецца таксама, што сілавікі ўжылі слезацечны газ.

12.23. У раёне «Пушкінскай» людзі выходзяць на праезную частку і перакрываюць дарогу ў бок вуліцы Матусевіча. Ля «Аўроры» сілавікі пачалі адціскаць пратэстуючых.

Да мемарыяла Тарайкоўскага прыехала калона аўтазакаў і мікрааўтобусаў. Сілавікі ў чорным проста «гуляюць» сярод людзей, разганяючы тых, хто стаіць у кампаніі больш за двух чалавек, перыядычна праходзяць кропкавыя затрымання.

На «Пушкінскай» у Менску затрымалі журналіста расейскага ТАСС Юрыя Шамшура і карэспандэнта беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА Андрэя Пакумейку, піша Tut.by.

Каля мемарыялу Тарайкоўскага адбываюцца затрыманні. 5 чалавек схапілі на паркоўцы каля «Арбіты». Затрымліваюць не ўсіх. Некаторым «раяць» сысці і адпускаюць.

Але людзі спрабуюць аднавіць мемарыял, нягледзячы на дзеянні сілавікоў.

* * * 

Так зараз выглядае „Плошча Перамен” у Менску.

У сталіцы перакрылі вуліцу Прытыцкага. Увесь транспарт едзе ў аб’езд.

Фота: Тут.бай

Скапленне спецтэхнікі непадалёк ад будынка Адміністрацыі прэзідэнта, у 10.50 .

У Менску адключаны мабільны інтэрнэт. Доступ у сетку пачаў знікаць а 9-й гадзіне. Таксама  ў сталіцу сцягваецца вайсковая і спэцтэхніка.

Фота: Тут.бай

Закрыты Менскі метрапалітэн: станцыі Плошча Перамогі, Кастрычніцкая, Плошча Якуба Коласа. Закрытыя ўсе станцыі ад Купалаўскай да Кунцаўшчыны ўключна, усе станцыі трэцяй лініі. Цягніка ідуць без прыпынку на гэтых станцыях.

Закрыты выхад са станцыі Плошча Леніна ў бок плошчы Незалежнасці.

Фота: скрыншот з відэа

 * * * 

Шэраг Telegram-каналаў апублікаваў заклік выйсці на традыцыйны нядзельны Марш. Гэтым разам ён прысвечаны Герою Беларусі Раману Бандарэнку.

Апошнім паведамленнем Рамана Бандарэнкі было: “Я – выходжу”.

Кожны мае магчымасць сказаць: «Я – выходжу» і выйсці. Мы выйдзем за сябе, за нашых сяброў, якія знаходзяцца ў засценках, за Рамана, за свабодную Беларусь! – пішуць у тэлеграм-каналах.

Пачатак маршу а 12-ай гадзіне. Збор на Праспекце Незалежнасці ў Менску, а таксама ў цэнтрах іншых гарадоў Беларусі.

Беларускае Радыё Рацыя