Кожны можа падтрымаць збітага журналіста
Беларуская асацыяцыя журналістаў распрацавала форму звароту ў Міністэрства ўнутраных спраў і Упраўленне ўнутраных спраў Менгарвыканкама, а таксама Вярхоўны суд датычна збіцця журналіста партала TUT.BY Паўла Дабравольскага. Усе, хто жадае падтрымаць калегу, могуць спампаваць зварот, запоўніць і накіраваць яго па пазначаных адрасах у пісьмовым або электронным выглядзе, кажа прэс-сакратар БАЖа Барыс Гарэцкі:
– Беларуская журналісцкая супольнасць была вельмі абураная нападам на Паўла Дабравольскага. І гэтая абуранасць не сціхае: такія выпадкі былі раней і могуць паўтарыцца ў будучыні. Таму журналісты прыдумваюць новыя метады, як падштурхнуць уладу да таго, каб вінаватыя былі пакараныя. Ужо некалькі соцень сябраў беларускай журналісцкай супольнасці падпісаліся пад гэтымі зваротамі. Гэта крык адчаю журналістаў і спадзеў на тое, што агульная актыўнасць хоць неяк дапаможа пазбегнуць жорсткіх, брутальных збіццяў і іншых перашкодаў у працы журналістаў у будучыні.
Паралельна калегі з TUT.BY збіраюць подпісы пад зваротам да Генеральнага пракурора і міністра інфармацыі. “Спадзяемся, што супольная актыўнасць прывядзе да пакарання вінаватых у нападзе на калегу і стане добрым урокам для праваахоўных органаў па стасунках з журналістамі і журналісцкай салідарнасці”, – дадае Барыс Гарэцкі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота TUT.BY