Кожны п’е па сваёй прычыне



 

Па апошніх дадзеных, Беларусь заняла другое месца па ўжыванні алкаголю. Рэйтынг быў складзены на падставе дадзеных, прадстаўленых Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, з 2010 па 2015 год. У 2014-м годзе Беларусь узначальвала дзясятку самых пітушчых краін.

Чаму беларусы так шмат п’юць, разважаюць жыхары Бярозы:

– У любы дзень тыдня – будні гэта ці святы – людзі заўсёды купляюць алкаголь. З-за той сітуацыі, якая ў нашай краіне, што людзям застаецца? Толькі брацца за бутэльку. Працы няма, грошай няма, а на алкаголь яны заўсёды знойдуцца. Выпіў – і ўсё добра!

– Будзем старацца, каб заняць першае месца. Трэба піць болей. Доля наша такая (смяецца). Калі кіраўнік дзяржавы з 12-гадовым дзіцём паказвае нам, як трэба піць, то і ўсім трэба гэтак жа. Мы ж яшчэ і па суіцыдах адныя з першых у свеце.

– У нас толькі дзяржава таргуе алкаголем, а статыстыка ўлічвае алкаголь, прададзены ў тарговых сетках. Калі ў Расеі “левага” алкаголю шмат, то ў нас яго няма. Па-першае, няправільна падлічана. Па-другое, п’юць у нас няшмат.  Па-трэцяе, продаж алкаголю і цыгарэт – самы прыбытковы бізнес.

– Карысці ад забароны на продаж алкаголю ніякай. На гэтыя граблі ўжо неаднаразова наступалі. Трэба падвышаць агульную культуру. Трэба падвышаць жыццёвы ровень, культуру піцця.

– Танны алкаголь разбурае здароўе чалавека. Былі б грошы, то пілі б якасныя напоі. І ні ў такой колькасці.

– Давялі краіну “да ручкі”, людзі п’юць ад безнадзейнасці. Што рабіць чалавеку, які не можа прынесці  ў хату годны заробак, каб падтрымаць сям’ю, накарміць і апрануць лдзяцей?

– Трэба даць людзям абяцаныя 500 даляраў заробку. Каб не думалі, дзе ўзяць грошы на ежу. Вось я ўчора садзіла памідоры. Я была такая замучаная. Вырашыла выпіць 100 грамаў віна, каб зняць стомленасць. Я не алкаголік. Я выпіла два маленькія кілішачкі і лягла спаць. Людзі, якія працуюць у вёсцы, укалваюць як “папы Карлы”.  Сёння выпіў 100 грамаў, заўтра, паслязаўтра… Месяц прайшоў, атрымалі 90 рублёў заробку. Нап’юцца з гора. Вось так і співаецца нацыя.

На кожнага жыхара Беларусі па дадзеных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, прыходзіцца 17.1 літра алкаголя ў год. Калі адносна бяспечным з’яўляецца ўжыванне менш чым 8 літраў. Сёння амаль у 20 % выпадкаў прычынай смерці беларусаў у працаздольным узросце становіцца атручванне алкаголем. Сапраўдная эпідэмія, якая набірае абароты.

Берускае Радыё Рацыя

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.