Кожны сёмы малады чалавек у Беларусі з’яўляецца студэнтам



Сярод беларускай моладзі кожны сёмы з’яўляецца студэнтам. Такая інфармацыя прыведзена ў статыстычным аглядзе да Міжнароднага дня студэнтаў (17 лістапада) на сайце Белстата.

„У 2017/2018 навучальным годзе сярод краін СНД па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тыс. чалавек Беларусь мела самы высокі паказчык – 315 чалавек”, – сказана ў аглядзе. Трохі адстае Украіна (314 студэнтаў на 10 тыс. насельніцтва), затым ідзе Арменія (305), Расея (289), Казахстан (273) і інш.

Што характэрна, у мінулым навучальным годзе ў беларускіх ВНУ навучаліся 15 тыс. грамадзян замежных дзяржаў (5% ад агульнай колькасці студэнтаў), з іх студэнты з краін СНД складалі 69%.

У цэлым, у 2017/2018 навучальным годзе вышэйшую адукацыю ў 51 установе атрымлівалі 284 тыс. студэнтаў (стыпендыю на дзённай форме атрымлівалі 84 тыс.), пры гэтым дзевяць з дзесяці маладых людзей навучаліся ў дзяржаўных ВНУ. Найбуйнейшымі з іх з’яўляюцца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (23,9 тыс. студэнтаў), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (23,2 тыс.), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (15,9 тыс.), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (12,4 тыс.), Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы (11,9 тыс.).

У студэнцкім асяроддзі на 100 хлопцаў прыходзіцца 119 дзяўчат.

Падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у Беларусі ажыццяўляецца па 15 профілях адукацыі, якія ўключаюць больш за 400 спецыяльнасцяў і напрамкаў спецыяльнасцей.

Штогод усё больш студэнтаў вырашаюцца працягнуць навучанне ў магістратуры. За апошнія 10 гадоў колькасць магістрантаў павялічылася ў 3,7 разы і склала ў 2017/2018 навучальным годзе 15 тыс. чалавек.

zviazda.by

Фота rfe.bsu.by