КПЧ ААН: Беларусь павінна выплаціць кампенсацыю і аднавіць адвакацкую ліцэнзію Алега Агеева
Камітэт па правах чалавека ААН (КПЧ ААН) 30 ліпеня апублікаваў свае высновы пасля разгляду скаргі Алега Агеева — адваката, які выкладаў інтарэсы кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Алеся Міхалевіча.
Як адзначаецца на сайце КПЧ ААН, камітэт вырашыў, што ануляванне ліцэнзіі Агеева пасля таго, як ён паведаміў СМІ пра ўмовы ўтрымання свайго кліента ў СІЗА, „парушыла правы адваката на справядлівы судовы разбор і свабоду выказвання меркавання”.
На думку члена камітэта Арыфа Булкана, да Агеева „прымянілі жорсткія і несправядлівыя санкцыі толькі за тое, што ён выступіў у СМІ, а зрабіў ён гэта ў інтарэсах свайго кліента і для задавальнення грамадскіх зацікаўленасцяў”.
„Права на свабоду выказвання меркавання гарантуецца Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, і сітуацыя спадара Агеева не трапляе пад магчымыя выключныя абмежаванні гэтага права, — падкрэсліў Булкан. — Акрамя таго, спадара Агеева ніколі не інфармавалі аб вылучаных абвінавачаннях і аб правядзенні разбораў супраць яго з боку Міністэрства юстыцыі. Ён не прысутнічаў на слуханні і не меў магчымасці выступіць у сваю абарону. Незалежны і бесстаронні суд адмовіў яму ў справядлівым і публічным судовым разглядзе”.
У сваім заключэнні КПЧ ААН заклікаў Беларусь прыняць адпаведныя меры для выплаты Агееву адэкватнай кампенсацыі і аднаўлення яго адвакацкай ліцэнзіі. Камітэт таксама заклікаў дзяржаву-ўдзельніцу прыняць меры для недапушчэння паўтарэння такіх парушэнняў у будучыні.
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Алег Агееў пракаментаваў сітуацыю: „Выкананне рашэння Камітэта па правах чалавека ААН у ідэале павінна быць добраахвотным з боку дзяржавы. Але беларускія ўлады на працягу доўгага часу сцвярджаюць, што такія рашэнні міжнароднага органа маюць рэкамендацыйны характар, і адмаўляюцца іх выконваць добраахвотна. Гэтая пазіцыя нашых уладаў не адпавядае нормам права”.
„Даванне мне беларускай дзяржавай сродкаў прававой абароны, названых у рашэнні КПЧ, безумоўна, абавязковае, бо выцякае з абавязацельства Беларусі згодна з артыкулам 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта значыць, па сутнасці, дзяржава, атрымаўшы рашэнне КПЧ, павінна выканаць не само гэтае рашэнне, а абавязковы для яго міжнародны дагавор, у нашым выпадку Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах”, — цытуе Агеева прэс-служба БАЖ.
Агееў у 2010 і 2011 гадах працаваў адвакатам. Ён расказаў журналістам пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА КДБ кліента — экс-кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча, які быў арыштаваны на наступны дзень пасля выбараў 19 снежня 2010 года паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Пасля вызвалення ён заявіў пра катаванні ў ізалятары і пра тое, што быў вымушаны падпісаць дакумент аб супрацоўніцтве з КДБ узамен на вызваленне, акрамя таго, ён быў пазбаўлены доступу да медыцынскай і прававой дапамогі.
Каментары Агеева адносна гэтай сітуацыі былі апублікаваныя на сайце „Еўрапейскага радыё для Беларусі”. У выніку ўлады пачалі расследаванне ў дачыненні да яго ў сувязі з перавышэннем паўнамоцтваў адваката і парушэннем прафесійнай этыкі. 14 лютага 2011 года Міністэрства юстыцыі спыніла дзеянне ліцэнзіі Агеева, заявіўшы, што ён „здзейсніў правіну, несумяшчальную з званнем адвакатам”. Пасля беспаспяховай падачы некалькіх апеляцыйных скаргаў з патрабаваннем адмяніць рашэнне Агееў звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека.