Крамы Symbal.by не існуе, але яе напрацоўкі даступныя праз інтэрнэт



Symbal.by забілі, але верым, што яна некалі ўваскрэсне. Так кажуць стваральнікі крамы нацыянальнай сімволікі. У пачатку сакавіка афлайн- і анлайн-крама Symbal.by канчаткова спыніла сваю працу. Падзеі, якія апошнія 8 месяцаў адбываюцца вакол кампаніі, прывялі да таго, што няма магчымасці арэндаваць памяшканні для далейшай камерцыйнай дзейнасці ў любых фарматах і ўтрымліваць ранейшы штат супрацоўнікаў. Улады вельмі жорстка пераследвалі супрацоўнікаў Symbal.by.

Крама не існуе, але яе напрацоўкі па-ранейшаму даступныя праз інтэрнэт. Кажа кіраўнік праекту Павел Белавус:

– Мы сваімі сіламі будзем неяк падтрымліваць інфраструктуру, закрываць пазыкі, выдаткі, штрафы, трымаць кампанію ў адкрытым стане. Але такой камерцыйнай дзейнасці і актыўнай не будзем весці, таму што пакуль сітуацыя ў краіне не зменіцца, мы лічым, што гэта немагчыма.

Усе абаротныя сродкі кампаніі, каля 50 тысяч рублёў, засталіся ў прадукцыі, якую розныя дзяржструктуры забралі на праверкі летам, восенню і канчаткова 30 студзеня. «У нас засталіся толькі сыходнікі, якія выклалі ў фармаце электронных тавараў», пішуць у сацыяльных сетках Symbal.by. Гэта алічбаваныя ўзоры вышыванак, слуцкіх паясоў, класічныя дызайны вышымайкі і «Азбукі беларускага арнаменту», pdf-кі маляванкі-антыстрэс «Мая Радзіма Беларусь» з выцінанкамі ды аўтарскімі малюнкамі і кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя».

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: symbal.by