Красуліна прадставіла пярэчанні на рашэнне аб высылцы яе з Беларусі
У судзе Маскоўскага раёна Менска 18 снежня разглядалася скарга прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай на рашэнне УУС Маскоўскага раёна аб высылцы яе з Беларусі.
Рашэнне, прынятае 13 лістапада, як вынікае з дакумента, „у інтарэсах грамадскага парадку”, якое прадугледжвае добраахвотны выезд з краіны з забаронай уезду тэрмінам на адзін год, Красуліна лічыць „неабгрунтаваным і незаконным”.
„Высылка парушае мае правы на асабістае жыццё і на сям’ю, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, а забарона ўезду ў Беларусь з’яўляецца адвольным пазбаўленнем мяне права на ўезд у краіну, якая па факце з’яўляецца маёй уласнай”, — заявіла яна ў судзе.
Беларусь Красуліна ўспрымае як сваю ўласную краіну. „Я ведаю і паважаю яе гісторыю, разумею беларускую мову, змагаюся за суверэнітэт Беларусі і за вяртанне Беларусі на шлях дэмакратычнага развіцця, адстойваю еўрапейскія каштоўнасці. Беларусь — гэта мая краіна. Члены маёй сям’і — грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Пры выбары грамадзянства дзяцей пытанне расейскага грамадзянства нават не стаяла, паколькі ў планы сям’і ўваходзіла пражыванне толькі ў Беларусі”, — сказала яна.
„У Рэспубліцы Беларусь у мяне склаліся ўсе мае сямейныя і сацыяльныя сувязі, толькі тут я маю ўласнасць і сродкі да існавання. Ні ў якой іншай краіне, у тым ліку ні ў якім з населеных пунктаў краіны майго грамадзянства — Расейскай Федэрацыі, у мяне няма ні сацыяльных сувязяў, ні месца жыхарства, ні перспектыў атрымаць працу, — заявіла Красуліна. — Выдварэнне мяне з Беларусі азначае, што мая сям’я не будзе мець дастатковых сродкаў да існавання, паколькі мой муж павінен будзе ўтрымліваць мяне за мяжой і адначасова ўтрымліваць дачку-студэнтку, выконваць свае абавязацельствы па камунальных плацяжах і крэдыце за кватэру, што нерэальна пры яго зарплаце дацэнта ВНУ. Мае бацькі апынуцца без маёй дапамогі і падтрымкі, адзінага іх сваяка ў Рэспубліцы Беларусь”.
Яна таксама адзначыла, што ў пастанове аб высылцы не абгрунтавана, якую рэальную пагрозу грамадскаму парадку нясе яе пражыванне ў Беларусі і чаму неабходным з’яўляецца менавіта выдварэнне за межы краіны, якое цягне абмежаванне канстытуцыйных правоў.
Красуліна павінна была пакінуць краіну да 30 лістапада. 28 лістапада яна абскардзіла гэта рашэнне. Скаргу не задаволілі. Тады рашэнне было абскарджана ў судзе Маскоўскага раёна.
belapan.by