Крэатыў па-савецку ад рэкламнага агенцтва БССР



Яшчэ ў ХІХ стагоддзі Людзвіг Мэтцэль сказаў: “Рэклама рухавік гандлю”. Прынамсі большасць даследчыкаў схіляюцца да таго, што аўтарства належыць менавіта ўраджэнцу Прагі. Гэты выраз, як запаведзь для прадпрымальнікаў. За дзесяцігоддзі актуальнасць не згубілася, а вось сама рэклама перажыла розныя этапы.

У наш час яна паўсюль, у нечым нават агрэсіўная і дакладна дакучлівая. З большага бессэнсоўная, але ж эфектыўная, бо добра ўбіваецца ў масавую свядомасць насельніцтва. Як бы людзі не намагаліся яе ігнараваць, толькі менеджэры дасягаюць сваёй мэты і спажывец купляе раскручаныя брэнды, тое, што на слыху.

Карацей, рэкламы зашмат і не заўважае сучасны чалавек, як яна ўплывае на выбар. Канечне, так было не заўжды. Літаральна трыдцаць гадоў таму ўсё канралявала Беларускае рэкламнае агенцтва (БРА), такія структуры існавалі ва ўсіх краінах СССР – манапалісты. Рэклама ж была ідэалагічна правільнай, з партыйнай эстэтыкай, каб не разбэсціць “савецкага чалавека”.

Калі казаць пра прасоўванне таго ці іншага тавару праз друк, то гэта былі нататкі ў газетах, часам паўнавартнасныя артыкулы. Насельніцтву даводзілі, чаму трэба набыць рэч, у чым карысць і г.д. У прынцыпе тое, што зараз робяць у некалькі радкоў ці ўвогуле адным кідкім выразам. Звернімся да прэсы 1980-х гадоў і разбярэм некалькі прапаноў ад рэкламнага агенцтва савецкай Беларусі.

Універсальная мэбля для “хрушчоўкі”

Як бы ў СССР чыноўнікі не сцвярджалі, што тых квадратных метраў, якія былі ў тыповых кватэрах масава пабудаваных у 1960-70 гадах хапае для паўнавартнаснага жыцця сям’і, але рэклама мэблі між радкоў давала зразумець адваротны бок. Так у адным з нумароў рэспубліканскай газеты рэкламавалася мэбля ў гасцёўню. Сцвярджалася, што яна створыць утульнасць, незвычайную атмасферу і не зойме шмат месца. Лёгка збіраецца ды нягледзячы на памер можа змясціць шмат рэчаў. Дававаліся і малюнкі двух варыянтаў.

Два варыянты “сценкі” ў залю “хрушчоўкі”.

Прапанова для вашай лазенкі ад гарпрамгандлю БССР

“Каб стварыць утульнасць у вашай лазенцы, надаць ёй сучасны выгляд, трэба патурбавацца пра яе афармленне. Зручнасць і арыгінальнасць прынясе ў інтэр’ер адмысловы камплект. Ён упрыгожыць пакой, створыць адзінае стылёвае афармленне. У камплект уваходзіць: сушылка для бялізны, ручка для апоры над ваннай, трымальнік ручнікоў, прыстасаванне для душа, поліэтыленавая фіранка. Усе гэтыя прадметы выдатна падыйдуць у інтэр’ер лазенкі, адпавядаюць патрабаванням гігіены. Кошт 14 руб.70 кап”, – паведамляла ў лютым 1985 года Беларускае рэкламнае агенцтва.

Узбуджаюць, здавальняюць і лечаць

У верасні 1986 года БРА папулярызавала сярод жыхароў нятлусты кефір, тварог, сыр і маслёнку. Артыкул, які агенцтва распаўсюдзіла ў друку меў назву “Нятлустыя малочныя вырабы – гэта бадзёрасць, здароўе, даўгалецце!”. Зараз таксама ёсць попыт на такую малочку ды і ўхіл робіцца менавіта на здароўе чалавека.

“Узбуджае апетыт і здавальняе смагу кефір нятлусты – прыемны дыетычны напой (…) Маслёнка – асвяжальны пажыўны напой. Па шклянцы да сняданку, абеду і вячэры – і вы адчуеце прыліў бадзёрасці, у вас палепшыцца самаадчуванне і з’явіцца добры апетыт (…) Тварог нятлусты – лёгкая ежа. Ён утрымлівае вялікую колькасць каштоўнага малочнага бялку, у якім у сваю чаргу ёсць амінакіслоты, незаменныя пры хваробах сардэчна-сасудзістай сістэмы, нырак, печані, страўніка, цукровым дыябеце. Сыр мае пяшчотны кісламалочны густ, мае ўсе ўласцівасці нятлустага тварагу”.

Мацнейшая рэклама шклоамывальнай вадкасці. Раілі сапраўды навукоўцы!

У наш час рэкламшчыкі, для большай вагі, каб гучала пераканаўча і аўтарытэтна, таксама любяць выкарыстоўваць разных адмыслоўцаў. Прынамсі яны іх выдаюць за вялікіх прафесіяналаў ад медыцыны да будаўнічай галіны.

У сярэдзіне 1980-х гадоў у друку з’явіўся вялікі рэкламны артыкул “Чыстае ветравое шкло”, які падрыхтавалі ажно два кандыдаты хімічных навук таварышы Раманава і Мічнік. Гэта паўнавартасная навуковая публікацыя на цэлую старонку, як мае быць – з вызначэннем праблематыкі, яе гісторыяй, як вырашалася, што атрымалася ды таксама вынікі даследванняў.

Праблематыка. “Да яе, шклоамывальнай вадкасці, прад’яўляюць вельмі складаныя патрабаванні. Па-першае, добрая мыйная здольнасць, само сабой зразумела. Па-другое, вадкасць не павінна замярзаць ў бачку ў самы моцны мароз, больш за тое, яна павінна валодаць супраць лёдавымі ўласцівасцямі – хутка чысціць шкло, калі на ім з’явіцца лёд. Па-трэцяе, не выклікаць памутнення паверхні, не пакідаць вясёлкавых плёнак. У чацвёртых, не ўздзейнічаць на шчоткі, на гумовыя ўшчыльненні, не пакідаць плям на лакафарбным пакрыцці, ня засмечваць асадкам прылады для падачы вадкасці. Нарэшце, такая вадкасць павінна быць як мага больш таннай: гэта не духі, якія расходзяцца міліграмамі; іншы раз за дзень язды бачок апаражняецца напалову. Заўважце, мы пералічылі толькі самыя галоўныя, безумоўныя патрабаванні”.

Трохі гісторыі з прыпахам. “У пачатку сямідзесятых гадоў ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце арганічнага сінтэзу гэтая няпростая задача ў нейкай меры вырашана. Для „жыгулёў” распрацавалі і сталі выпускаць вадкасць НІІС-4. Чаму толькі для „жыгулёў”? Таму што вадкасць рыхтавалі на танным і даступным арганічным растваральніку, які, на жаль, оладает вельмі непрыемным пахам. Дзякуючы канструктыўным асаблівасцям (правільней сказаць – вартасцям) салона і вентыляцыйнай сістэмы аўтамабіляў ВАЗа гэты запах не дасягаў кіроўцы і пасажыраў. У іншых жа аўтамабілях „водар” арганікі дастаўляў ім масу непрыемных адчуванняў”.

Далей навукоўцы распавядаюць, колькі скаргаў гадамі з-за гэтага паху пісалі аўтакіроўцы і нават цэлыя прафсаюзы (клубы) аўтамабілістаў. Урэшце здарылася адкрыццё, распрацаваны ПАР – павярхоўна-актыўнае рэчыва. Аўтары шмат пералічваюць яго добрых якасцяў і між інашага адзначаюць, што ПАР мае сіні колер, што надае сродку добры таварны выгляд і стварае дадатковыя выгоды кіроўцу: узровень вадкасці ў бачку добра бачны.

Кандыдаты хімічных навук завяршаюць рэкламна-навуковую публікацыю прапановай не толькі набываць ПАР, але і набываць яго гандлёвым кропкам для рэалізацыі для чаго пакідаюць кантакты вытворцы.

Нам песня будаваць і жыць дапамагае…

У верасні 1985 года Беларускае рэгламнае агенцтва паведаміла добрую навіну для меламанаў: “Серыйную вытворчасць пераноснай стэрэафанічнай магнітолы вышэйшай групы складанасці асвоіў Брэсцкі электрамеханічны завод імя ХХV з’езда КПСС. Увагу пакупнікоў навінка, а яна паявілася ўжо ў секцыях бытавой радыёапаратуры многіх магазінаў рэспублікі, прыцягвае выдатным гучаннем, прыгожым вонкавым выглядам. На здымку: дэманструе стэрэамагнітолу “Бярэсце-004-стэрэо” інжынер-тэхнолаг завода Таццяна Драбышэўская”.

Амаль казачная мара жыхароў краіны саветаў

Бадай для кожнага грамадзяніна СССР запаветнай мэтай было: ўласная кватэра, аўтамабіль і ў дадатак да поўнага шчасця лецішча. Аўтамабіль тады, як ніколі, быў ня столькі сродкам перасоўвання, колькі паказчыкам заможнасці. Мала таго, што кошт не малы, дык яшчэ ня так проста купіць.

Выключна для жыхароў Берасцейшчыны ў сакавіку 1985 года БРА паведаміла: “Аўтакрама г. Брэста прадае ў крэдыт аўтамабілі “Запарожац” і “Масквіч” усіх мадэляў жыхарам Брэсцкай вобласці з растэрміноўкай плацяжу да трох гадоў. Крэдыт прадастаўляецца на суму сярэднегадавы заработнай платы пакупніка, але не больш 50 адсоткаў рознічнага кошту аўтамабіля. За гэтую паслугу з пакупніка спаганяецца да 3 адсоткаў ад прадстаўляемага крэдыту”.

Вось такая планавая краіна саветаў ва ўсіх галінах і сферах. Мабыць у сакавіку 1985 года прыйшоў момант задаволіць попыт жыхароў Берасцейскай вобласці і партыя дала зялёнае святло.

Як ня быць фота-мастаком з такой тэхнікай?

Сапраўды з мастацкім падыходам у кастрычніку 1986 года рэкламнае агенцтва БССР інфармавала насельніцтва краіны пра наступныя тры навінкі: “Выдатны занятак фатаграфіяй. Гэтае захапленне даступна кожнаму. З дапамогай фотаапарата-чараўніка вы зможаце спыніць усе цудоўныя, непаўторныя імгненні…”. Далей шмат тэхнічных характарыстак, парад, як карыстацца.

Патэнцыйным пакупнікам прапаноўвалася тры варыянты фотаапаратаў: “ФЭД-мікрон” (для аматараў, кошт 85 рублёў), “ФЭД-мікрон-2” (для прафесійнага занятку, кошт 125 рублёў) ды “Ломо-135М” (для пачынаючых аматараў, кошт 60 рублёў).

Увага на кошце не выпадковая – гэта вельмі шмат для таго перыяду, нават 60 рублёў, а 125 рублёў – дык амаль заробак. Таму, напрыклад “ФЭД-мікрон” попытам не карыстаўся, бо і кошт вялікі і якасць не адпавядала.

Відавочна, што рэклама адпавядае патрэбам часу, адлюстроўвае яго тэндэнцыі, тэмп жыцця.

Беларускае Радыё Рацыя