Круглы стол да міжнароднага Дня правоў чалавека
У Берасці прайшоў круглы стол на тэму ’’Стан і новыя выклікі ў праваабарончай дзейнасці”. Яго прымеркавалі да міжнароднага Дня правоў чалавека. Арганізатарамі выступілі сябры Беларускага Хельсінскага камітэту разам з прадстаўнікамі дэмакратычнай супольнасці і грамадскага сектару.
“Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека з’яўляецца асновай беларускай Канстытуцыі”, – адзначае адзін з галоўных удзельнікаў мерапрыемства, старшыня берасцейскай абласной арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Леанід Майструк:
– Права чалавека на працу, годнае жыццё, адукацыю, медыцыну – гэта сапраўды прапісана як дзяржаўная задача. На жаль, дзяржава апошнія гады адыходзіць ад рашэння гэтых праблем і перакладае іх на плечы саміх грамадзян.
Палітык, прадстаўнік праваабарончай арганізацыі БХК Ігар Маслоўскі адзначае, што ўдзельнікі круглага стала дамовіліся надалей супрацоўнічаць у галіне абароны правоў чалавека:
– Круглы стол прайшоў вельмі плённа. Фактычна ўсе ўдзельнікі змаглі выказаць сваю пазіцыю, і мы былі аднолькавыя ў сваіх поглядах. На жаль, гэта вельмі актуальныя для Беларусі тэмы.
Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека застаецца асноўнай крыніцай глабальных стандартаў правоў чалавека, – адзначае палітык Ігар Маслоўскі. Усе краіны, якія далучыліся да Дэкларацыі, маюць маральны абавязак шанаваць правы чалавека і ўлічваць іх у час прыняцця законаў і нарматыўных дакументаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце