Круглы стол па праблемах нацыянальнай тоеснасці
Праблемы нацыянальнай тоеснасці беларусаў будуць абмяркоўвацца на круглым стале ў сераду, 4-га верасня, у гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Тэма круглага стала мусіць зацікавіць тых, для каго нацыянальная бяспека ня просты гук.
І тут беларускасць адыгрывае галоўную ролю. Кажа ўдзельнік дыскусіі Сяргей Верамеенка:
– Вельмі важная тэма, асабліва для Беларусі. Для краіны, якая знаходзіцца пад уплывам імперскай культуры, імперскай мовы, пад палітычным імперскім уплывам. Больш за тое, пад агрэсіўным палітычным уплывам. Я лічу, што беларусы мусяць памятаць пра сваю тоеснасць, спадзяюся, што прыйдуць людзі не толькі беларускамоўныя, а таксама рускамоўныя, раскажуць прас вае праблемы, пра сваё бачанне будучыні.
Ва ўмовах страчанай масавай беларускай адукацыі ўсіх роўняў, беларускай інтэлігенцыі варта шукаць іншыя, сучасныя спосабы контруплыву расейскаму імперыялізму. І круглы стол, спадзяюцца арганізатары, будзе мець дыскусію пра гэта. Кажа Сяргей Верамеенка:
– Я думаю, што нам таксама трэба карыстацца тым, што зараз ідзе літаральна мода на Беларусь. Мода на мову, на нашы сімвалы, на тыя ж вышыванкі. Людзі дзесьці на далёкім падсэнсоўным роўні адчуваюць, што яны беларусы. Немажліва нашу кроў узяць і знішчыць. І наша беларускасць ранней ці пазней у нас выяўляецца. І вельмі важная задача, каб яе падтрымліваць.
Пачатак сустрэчы на круглым стале 4 верасня а 18-30.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня