Круглы стол “Сучасныя жанчыны: паміж стэрэатыпамі і выклікамі”
“Сучасныя жанчыны: паміж стэрэатыпамі і выклікамі” – такую назву меў круглы стол, што сабраў у гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця амаль тузін дзяўчат, якія прадстаўляюць розныя сферы жыцця.
Пра тое, з якімі стэрэатыпамі пра жанчын найчасцей даводзіцца сутыкацца, распавядае кіраўніца гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:
– Калі ты ў гэтым асяроддзі, дзе большасць матуль, якія гуляюць з дзецьмі, калі тата ёсць, то ён гуляе паасобку чагосьці з дзіцёнкам. І вось год гэтаму дзіцёнку, ён яшчэ нават не ведае хто ён і да чаго ён здольны, а яны кажуць, вось тое табе рабіць нельга, а гэта ты рабіць можаш. У лялькі табе гуляць нельга. Канструктар табе збіраць нельга. Мне падаецца, што гэта вельмі небяспечна.
Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні Партыі БНФ прадстаўляў на сустрэчы свой погляд на жаночыя стэрэатыпы:
– Не толькі дзяўчына павінна быць у ружовым, гуляць у лялькі. Вельмі шмат стэрэатыпаў навязваюцца і хлопцам таксама. Ты – абаронца, дзяўчынак біць нельга, не плач, ты павінен быць моцным і так далей. Калі мы кажам увогуле пра нейкае раўнапраўе, пра аднолькавы падыход, уніфікаваны, трэба казаць не проста пра абарону правоў жанчын. Трэба ў тым ліку казаць пра абарону правоў мужчын, якім таксама навязана нешта звонку.
Асноўная тэма сустрэчы – як зрабіць жаночы голас уплывовым і пераканаўчым? З якімі стэрэатыпамі пра жанчын найчасцей даводзіцца сутыкацца, а таксама тое, як супрацьстаяць таму, што грамадства ігнаруе сталых жанчын.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня