Крупскага лекара абвінавачваюць у педафіліі



Крымінальная справа па абвінавачанні 42-гадовага загадчыка педыятрычнага аддзялення Крупскай цэнтральнай раённай бальніцы ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 3 арт. 167 КК, ч. 2 арт. 343-1 КК, арт. 168 КК, ч. 3 арт. 343-1 КК, ч. 2 арт. 167 КК, 16 жніўня паступіла ў суд Крупскага раёна. 

Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.

Лекар абвінавачваецца ў тым, што з 9 снежня 2010 года па 24 чэрвеня 2016 года, знаходзячыся па месцы працы ў памяшканні педыятрычнага аддзялення Крупскай ЦРБ, а таксама па месцы жыхарства, „адчуваючы цягу да дзяцей і падлеткаў мужчынскага полу, маючы намер на задавальненне сваёй палавой страсці, насуперак волі пацярпелых, якія звярнуліся па медыцынскую дапамогу ва ўказаную ўстанову аховы здароўя, выкарыстоўваючы бездапаможны стан пацярпелых, якія ў сілу свайго ўзросту, псіхічнага расстройства (захворвання) не маглі разумець характар і значэнне дзеянняў, якія рабіліся з імі, і тым самым не маглі процідзейнічаць абвінавачванаму, а таксама шляхам падману і злоўжывання даверам, на падставе аказання медыцынскай дапамогі, застаючыся з імі сам-насам, дакладна ведаючы пра іх малалетні і непаўналетні ўзрост і наяўнае псіхічнае расстройства (захворванне), учыніў у дачыненні да названых асоб мужчынскага полу шэраг злачынстваў, у тым ліку супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды, якія адносяцца да катэгорый цяжкіх і асабліва цяжкіх”.

Максімальны тэрмін пакарання за ўчыненыя злачынствы складае 15 гадоў пазбаўлення волі.

Урач быў затрыманы ў снежні мінулага года.