Крычаўскі міліцыянт: Мяне хочуць звольніць па дыскрэдытуючых абставінах



Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС Ігар Вусік заявіў пра намер міліцэйскага кіраўніцтва звольніць яго па дыскрэдытуючых абставінах.

Фота svaboda.org

У канцы красавіка — пачатку мая ў некаторых незалежных СМІ з’явілася інфармацыя аб звароце 11 міліцыянераў Крычаўскага РАУС да міністра ўнутраных спраў. Супрацоўнікі міліцыі заявілі аб паборах з боку кіраўніцтва райаддзела, абразах, наўмысным стварэнні цяжкасцяў у службе. Праверка МУС устанавіла парушэнне дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў з боку як кіраўніка РАУС, так і скаржніка, які з’яўляецца фігурантам гэтай праверкі.

– Робяць нас вінаватымі, таму што мы пачалі свае правы абараняць. Не даюць звальнення па згодзе бакоў, хочуць звольніць па дыскрэдытуючых абставінах. Што рабіць буду, не магу сказаць, пракаментаваў БелаПАН развіццё канфліктнай сітуацыі ў РАУС Ігар Вусік, адзначыўшы, што правяраючыя хочуць знайсці ў яго словах у СМІ паклёп.

У сваю чаргу начальнік Крычаўскага РАУС Станіслаў Чупрын адмовіўся ад каментарыяў, у прыватнасці аб афіцэрскім сходзе, які прайшоў 5 мая ў раённай міліцыі, не пацвердзіўшы і не аспрэчыўшы інфармацыю аб выключэнні Вусіка са складу афіцэрскага сходу. Адносна абвінавачанняў, вылучаных у дачыненні да яго 11 супрацоўнікамі райаддзела, Чупрын таксама палічыў за лепшае адмаўчацца, параіўшы звярнуцца ў вышэйшыя міліцэйскія інстанцыі.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які сачыў за справай міліцыянтаў, у наментары нашаму радыё адзначыў, што здзіўлены захадамі міністра:

– Дзіўна, што тых, хто заявіў пра карупцыю ўнутры сілавой структуры, іх прыраўнялі да тых, каго яны абвінавачвалі ў гэтай самай карупцыі. На мой погляд гэта не зусім адэкватная рэакцыя кіраўніцтва на тое, што сёння адбываецца ў Крычаве.

У лютым 11 супрацоўнікаў аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС звярнуліся да Ігара Шуневіча. Па факце звароту была арганізавана праверка. У канцы сакавіка гэтыя ж супрацоўнікі яшчэ раз звярнуліся ў МУС — гэтым разам з просьбай, каб праверку праводзілі работнікі апарата міністэрства, а не прадстаўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Магілёўскай вобласці. Яны атрымалі адказ за подпісам Шуневіча, у якім было сказана, што падстаў не давяраць вынікам праверкі, якую праводзілі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі па Магілёўскай вобласці, няма.

УУС Магілёўскага аблвыканкама назвала інфармацыю пра канфлікт у Крычаўскім РАУС скажонай, а інтэрнэт-рэсурсы, якія распаўсюдзілі яе, — дэструктыўнымі.