Крымінальная справа супрацоўнікаў „Прэс-клуба” перададзеная ў Следчы камітэт



Крымінальная справа супрацоўнікаў „Прэс-клуба” перададзеная ў цэнтральны апарат Следчага камітэта, паведаміла БелаПАН Аляксандра Слуцкая, дачка кіраўніцы адукацыйнай установы Юліі Слуцкай.

Паводле яе слоў, адвакаты ўжо выкліканыя для правядзення допытаў з падазраванымі. Яна адзначыла, што маці і брат Пётр Слуцкі, як і астатнія работнікі „Прэс-клуба”, знаходзяцца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Пра іх здароўе і псіхалагічны стан, паводле слоў Аляксандры, ёй нічога не вядома.

Адвакат Юліі Слуцкай Антон Гашынскі ў каментары БелаПАН выказаў здагадку, што сённяшні выклік адвакатаў у СК, хутчэй за ўсё, звязаны з выстаўленнем абвінавачвання ўсім падазраваным.

Як паведамлялася, Юлію Слуцкую падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, яе дзеянні кваліфікаваныя па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Астатнія — падазраваныя па частцы 6 артыкула 16 (саўдзел у злачынстве) ва ўчыненні злачынства па частцы 2 артыкула 243. Гэта праграмны дырэктар Ала Шарко, дырэктар Сяргей Альшэўскі, праграмны дырэктар Акадэміі „Прэс-клуба” Сяргей Якупаў і аператар Пётр Слуцкі.

Усе яны былі затрыманыя 22 снежня. У дачыненні да ўсіх абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Як паведамляла прэс-служба Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР), затрыманая ў той жа дзень член КР, былая супрацоўніца „Белтэлерадыёкампаніі”, якая звольнілася пасля прэзідэнцкіх выбараў, Ксенія Луцкіна падазраецца ў дапамаганні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 6 арт. 16 да ч. 2 арт. 243 КК) і таксама застаецца пад вартай. Супрацоўнікі БТ, якія звольніліся, планавалі стварыць „альтэрнатыўнае тэлебачанне” на YouTube. Дачыненне да гэтага праекта мела Акадэмія „Прэс-клуба”.

23 снежня Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) запатрабавала неадкладна вызваліць заснавальніка „Прэс-клуба Беларусь” Юлію Слуцкую і яе калег і заклікала Еўразвяз, Савет Еўропы і АБСЕ рашуча адрэагаваць „на гэтую новую хвалю рэпрэсій”.

У гэты ж дзень занепакоенасць дзеяннямі беларускіх уладаў у дачыненні да „Прэс-клуба” выказала пасольства Вялікабрытаніі ў Менску.

Тым часам супрацоўнікі „Прэс-клуба” працягваюць сваю працу, нягледзячы на затрыманне кіраўніцтва.

„Пяць гадоў мы адкрыта працавалі, не хаваючы шкілеты ў шафе. Нашы партнёры, калегі, сябры давяраюць нам — і гэта бясцэнна”, — гаворыцца ў заяве каманды „Прэс-клуба”. У ёй падкрэсліваецца, што Юлія Слуцкая, Сяргей Альшэўскі, Ала Шарко, Сяргей Якупаў, Пётр Слуцкі — гэта „прафесіяналы з вялікай літары, стваральнікі, а не разбуральнікі, прынцыповыя, творчыя, адкрытыя, закаханыя ў сваю працу, у Беларусь, у стандарты журналістыкі, у медыя”.

„Мы ўпэўненыя: арышт прадстаўнікоў „Прэс-клуба” — памылка, і разлічваем, што пасля сумленнай, адкрытай праверкі ўсіх фактаў нашы калегі будуць на волі, а крымінальная справа будзе спыненая. Зараз у следства ёсць шанец паступіць паводле закона і не запускаць чарговы палітычна матываваны пераслед”, — адзначаецца ў заяве.

„Прэс-клуб” створаны як пляцоўка для прафесійнага развіцця медыясупольнасці. Сваёй місіяй арганізацыя называе „захаванне прафесіі журналіста ва ўмовах падзення яе аўтарытэту і эканамічнай прывабнасці да таго моманту, калі стане магчымай сацыяльна-палітычная, эканамічная трансфармацыя Беларусі”.

belapan.by