Крымінальную справу кіраўнікоў прафсаюза РЭП у ліпені перададуць у пракуратуру



Крымінальную справу кіраўнікоў прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) следчыя органы плануюць перадаць у пракуратуру на пачатку ліпеня, паведаміў старшыня прафсаюза Генадзь Фядыніч паводле вынікаў сустрэчы са следчымі.

8 чэрвеня абвінавачаныя ў нявыплаце падаткаў Фядыніч, а таксама кіраўнік менскай гарадской структуры РЭП Ігар Комлік наведалі Следчы камітэт у сувязі з заканчэннем азнаямлення з матэрыяламі справы. Паводле слоў кіраўніка прафсаюза, ім прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. „Цяжка сказаць, чаму нам прапанавалі гэта зрабіць. Магчыма, яны ўсім гэта прапаноўваюць. Але мы ніякіх злачынстваў не здзяйснялі. Прасіць аб памілаванні, калі ты невінаваты, — верх цынізму„, — заявіў ён.

2 жніўня 2017 года супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правялі вобыск у мінскім офісе прафсаюза РЭП, а таксама дома ў Фядыніча і Комліка. У дачыненні да абодвух распачалі справу на падставе ч. 2 арт. 243 КК. Комлік правёў за кратамі два месяцы, Фядыніч з пачатку следства знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка, які праваабаронцы параўноўваюць са справай кіраўніка закрытага ўладамі ў 2003 годзе цэнтра „Вясна” Алеся Бяляцкага, распачатай у 2011 годзе. У падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП выступілі міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, Фядыніч і Комлік у парушэнне заканадаўства адкрылі ў літоўскім банку рахунак. У 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на гэты рахунак паступала замежная валюта. У далейшым грошы ў доларах і еўра здымаліся з рахунку Комлікам і дастаўляліся членамі прафсаюза на тэрыторыю Беларусі, дзе вярталіся Комліку і Фядынічу.

У 2011 годзе на гэты рахунак паступіла больш за 140 тыс. еўра. Факты паступлення грошай не адлюстроўваліся ў фінансавай справаздачнасці грамадскага аб’яднання і падатковай дэкларацыі арганізацыі, паведаміў СК.

Сума не выплачаных прафсаюзам РЭП падаткаў ацэньваецца больш як у 22 тыс. рублёў.   БелаПАН