Крымінальную справу Піліпа Шаўрова перадалі ў суд
Крымінальную справу Піліпа Шаўрова перадалі ў суд Цэнтральнага раёна горада Менска.
Нагадаем, што актывіста „Маладога Фронта” абвінавачваюць па частках першай і другой артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства). Частка другая – за тое, што Шаўроў пафарбаваў рукі помніку Аляксандру Пушкіну ў Менску.
Праваабаронцы ПЦ „Вясна” сумняюцца ў тым, што дзеянні Шаўрова былі кваліфікаваны правільна, кажа юрыст Павел Сапелка:
– У дадзенай сітуацыі дзеянні Шаўрова трэба было б разглядаць у сферы грамадзянска-прававых адносін, то бок калі маёмасці была нанесена нейкая шкода, то гэта шкода павінна была быць за яго сродкі пакрытая і на гэтым уласна ўсё. Канешне ж тут няма ніякага хуліганства таму, што хуліганству характэрная такая адзнака, як цынізм, а тут няма ніякіх цынічных надпісаў, няма ніякай цынічнай накіраванасці дзеянняў.
Зараз Піліп Шаўроў знаходзіцца ў СІЗА №1 на вул Валадарскага ў Менску ўжо больш за 2 месяцы. Праваабаронцы таксама лічаць, што ўтрыманне актывіста пад вартай з’яўляецца непрапарцыйнай мерай. Калі ўлады працягнуць дзейнічаць такім чынам у дачыненні да Шаўрова, то можа паўстаць пытанне аб прызнанні яго палітзняволеным з боку праваабарончай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск