Крымінальную справу супраць чатырох супрацоўнікаў PandaDoc закрылі



Крымінальная справа ў дачыненні да чатырох супрацоўнікаў IT-кампаніі PandaDoc закрытая, паведамляе партал dev.by, які спецыялізуецца на навінах з сферы інфармацыйных тэхналогій.

Гэта пацвердзілі ў кіраўніцтве кампаніі, каментара Следчага камітэта няма.

2 верасня 2020 года ў менскім офісе PandaDoc прайшлі вобшукі. Чатырох супрацоўнікаў — дырэктара Дзмітрыя Рабцэвіча, менеджара Віктара Куўшынава, бухгалтара Юлію Шардыку і спецыяліста па кіраванні персаналам Уладзіслава Міхалапа — абвінавацілі ў крадзяжы прыблізна 107 тыс. рублёў на падставе ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэкса. Пазней абвінавачанне змянілі на „махлярства” (ч. 4 арт. 209 КК).

11 кастрычніка Рабцэвіча выпусцілі з СІЗА КДБ пад хатні арышт. Гэта адбылося на наступны дзень пасля візіту ў СІЗА Аляксандра Лукашэнкі. Праз два дні пад хатні арышт былі пераведзеныя Шардыка і Міхалап. У сакавіку 2021 года стала вядома, што Рабцэвіч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Апошні фігурант справы — Віктар Куўшынаў — выйшаў на волю 20 жніўня.

Летась адзін з заснавальнікаў амерыканскага сэрвісу для аўтаматызацыі дакументазвароту PandaDoc Мікіта Мікада арганізаваў збор грошай для супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур, якія адмовяцца выконваць загады ўладаў і звольняцца. З-за рэпрэсій супраць PandaDoc праект быў закрыты.

БелаПАН