Крымінальны судовы канвеер супраць пратэстоўцаў у Гародні



Крымінальны судовы канвеер супраць цывільных грамадзянаў-пратэстоўцаў працягваецца. Цяпер ідуць працэсы над двума гарадзенцамі – Аляксеем Лапам і Сяргеем Рымшам.

На працэсах шмат блытаніны ў сведчаннях міліцыянтаў ды такіх істотных, што пад сумневам уся доказная база. Кажа праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага камітэту, які назірае за хадой працэсаў:

 – Маем тое, што гэтыя людзі яшчэ ў выніку і вінаватыя. Яны не стаялі ні з дручкамі, ні са зброяй. Гэта была б бытавая справа выходных дзён, і не было б нават гэтых прысудаў. А так гэта палітычная справа, тычыцца таго, што людзі былі незадаволеныя вынікамі выбараў, і што іх падманулі, не паказвалі пратаколы. Таму маем палітычныя справы і палітычных зняволеных 146 чалавек па Беларусі.

Па версіі абвінавачвання, Аляксей Лапа 11 жніўня з мэтай перашкодзіць дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі наехаў на іх на машыне. Пры гэтым толькі ў пацярпелага Дзмітрыя Конана былі сінякі і ранкі. А Сяргей Рымша абвінавачваецца ў тым, што нібыта кідаў камень у аўтамабіль з міліцыянтамі. Працяг разгляду справаў у Ленінскім раённым судзе Гародні пройдзе 10 і 11 снежня.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня