Крыніца забруджвання ракі Дзітва – ачышчальныя збудаванні Лідскага ЖКГ



Грамадскія актывісты з Бярозаўкі выявілі і апублікавалі крыніцу масавага забруджвання ракі Дзітва. Гэта ачышчальныя збудаванні Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны абследавалі ўвесь шлях, па якім ідуць шкодныя скіды, якія атруцілі Дзітву і па ёй далей трапляюць у Нёман. Каля вёскі Шырокая на ўскрайку Ліды ідзе актыўны скід нечыстотаў у ручай. Ідзе гэты калектар з ачышчальных збудаванняў Лідскага ЖКГ.

Расказвае Вітольд Ашурак:

– Такія цяжкія экалагічныя наступствы ў Дзітве выкліканы скідам сцёкавых вод з палёў фільтрацыі. Адбыйся мор рыбы ў рэчцы Дзітва. У той канаве, у якую скідваюць, зразумела, там ужо нічога жывога няма. Далей мы праехалі ў тое месца, дзе гэтая канава брудным патокам упадае ў рэчку Малая Дзітва. Там проста відавочна, што вада ў рэчцы Дзітва чысцюткая, а вось гэты брудны мутны паток, які ідзе з палёў фільтрацыі. Далей, зразумела, ужо чыстай вады няма.

І як стала вядома, папярэднія вынікі аналізу пробаў вады ў рэчцы Дзітва і ў месцы скіду нечыстотаў указваюць на непасрэдную датычнасць да экалагічнай катастрофы менавіта Лідскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны ў сваю чаргу абмаўляюць сваю віну, як і ад пачатку спасылаючыся на гарачае надвор’е.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя