Крысціна Дробыш: Гэта будзе вялізная пляма ў нашай гісторыі



Госць Рацыі – Крысціна Дробыш, акторка, свабодная купалаўка расказвае пра сваё стаўленне да вайны ва Украіне і ролю беларусаў у гэтыя дні.

РР: Як табе ўвогуле бачыцца гэтая сітуацыя з Украінай? Якія вось асацыяцыі, калі чытаеш тыя жудасныя навіны апошніх дзён?

Крысціна Дробыш: Па-першае, вітаю. Не магу сказаць “добры дзень”, бо ўжо восьмы дзень, як ён не добры. Як я бачу? Як мы сёння выказаліся, і на сваёй старонцы купалаўцаў, што мы, вядома, супраць уварвання Расеі ва Украіну. І, канешне, наша зброя цяпер, як і ў 2020 годзе – гэта тэатральнае слова, бо мы – акцёры.

Мы стараемся дапамагаць чым можам. І там, дзе мы працавалі, таксама развярнулі пункт дапамогі ўцекачам з Украіны.

Абсалютна страшная сітуацыя, і ніхто не верыў, што гэта насамрэч здарыцца, бо гэта было неяк дзесьці там. Водгукі былі таго, што нам расказвалі пра жахі вайны, і вось яно дакранулася тут. У мяне няма такіх словаў, каб гэта ахарактарызаваць. І, канешне, мне б хацелася сказаць у эфіры пра расейскі карабель, але такое тут нельга казаць.

Страшна за беларусаў, шчыра кажучы, цяпер, бо я як чалавек, які ў 2020 годзе літаральна ўсё аддаў на тым змаганні, то цяпер я разумею, што рэпутацыя беларусаў знішчаная. Як бы не хацелася падзяляць, але ёсць беларусы і ёсць тыя, хто нападае цяпер на Укоаіну. І я не ведаю, як патлумачыць, што гэта розныя рэчы, гэта розныя людзі. І вельмі шмат цяпер з’явілася ініцыятываў з боку беларусаў, каб падтрымаць, і шмат валанцёраў знаходзяцца цяпер на мяжы. І беларусы ваююць на баку Украіны сярод украінскага войска.

Я не ведаю, як цяпер ратаваць тое, што не ад добрага жыцця апынуліся за мяжой тыя беларусы, якія зараз за мяжой. І цяпер вось гэта лукашэнкаўская рука дацягнулася да нас і тут. І адзінае, што я магу сказаць, што ніхто беларусаў яшчэ так не знішчаў, як гэта робіцца цяпер уладамі Беларусі. Так званымі ўладамі.

РР: Ты, напэўна, таксама маеш сяброў-украінцаў. Як ты думаеш, якая свядомасць украінцаў у тым, што вось ёсць так званыя беларусы-ябацьк – гэта рэжым Беларусі, а ёсць вельмі высокая і вялікая група людзей, якія не падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку і яго палітыку?

Крысціна Дробыш: На жаль, такі падзел існуе, і ён адбіваецца проста жахлівым чымсьці. Гэта будзе вялізная пляма ў нашай гісторыі і ў сусветнай гісторыі на імя беларуса.

Сярод маіх сяброў у мяне шмат тых беларусаў, якія пераехалі ва Украіну яшчэ да таго, як здарыўся 2020 год і ўкраінцаў, якія жылі пэўны час у Беларусі, а потым паехалі ва Украіну. Вядома, мы размаўляем. І тыя людзі таксама стараюцца неяк данесці сваім сябрам, што ёсць вялізная розніца паміж намі і гэтымі людзьмі.

І цяпер я разумею, што ёсць новая зброя ў гэтай вайне – гэта інфармацыйная вайна. І разумею, што той шквал эмоцый – гэта калі ўкраінцам пад бамбёжкай няма калі разбірацца, хто пад якім сцягам хадзіў у 2020 годзе і  ў 2000, 2010 і ў 90-х. Я гэта выдатна разумею.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: 

Беларускае Радыё Рацыя