Ціманоўская пра жыццё ў Польшчы: Усе нашыя перамяшчэнні ўзгодненыя, нават паход у краму



Беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская распавяла пра жыццё ў Польшчы. Раней спартоўка адмовілася вяртацца ў Беларусь з-за канфлікту з кіраўніцтвам зборнай краіны на Алімпіядзе ў Токіо.

«Нядаўна я пісала пра тое, што мы з мужам ужо 2 месяцы жывем у Варшаве пад аховай. На жаль, гэта вымушаная мера. Многія людзі з’язджаюць з Беларусі дзеля сваёй бяспекі, і мы не выключэнне.

Напачатку нам здавалася, што гэта крута. Зараз я магу сказаць, што гэта цяжка. Безумоўна, усе меры прыняты дзеля бяспекі, мы гэта вельмі цэнім і будзем прытрымлівацца пратаколу столькі, колькі будзе неабходна.

Першы час нам практычна нельга было выходзіць з дому – толькі на вельмі важныя сустрэчы. Паступова свабоды з’явілася больш. Мы перабраліся ў кватэру, якую арандавалі, я пачала трэніравацца, але нас не перасталі ахоўваць. Усе нашыя дзеянні і перамяшчэнні ўзгодненыя, нават паход у краму па прадукты. Гэта гучыць пацешна, але мы нават сабаку выгульваем з аховай.

Цяпер я мару пра вельмі простыя рэчы, мне не хапае сустрэч з сябрамі, паходаў па крамах, прагулак у горадзе. Так шмат новага тут для нас і столькі месцаў хочацца наведаць, павячэраць у кавярні або затрымацца ў якім-небудзь гандлёвым цэнтры на пару гадзін, але ў дадзены момант прымаю новую рэальнасць. Проста ведаю, што аднойчы наша жыццё стане самай звычайнай», – напісала Ціманоўская ў Інстаграм.