Крысціян Шынкевіч будзе судзіцца з педуніверсітэтам



Адлічаны пасля Дня Волі студэнт будзе судзіцца з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам. Разгляд справы Крысціяна Шынкевіча пачнецца сёння а палове на 14-ю ў судзе Маскоўскага раёну Менска. 

Крысціян упэўнены, што ён адлічаны за грамадскую дзейнасць, лічыць сваё адлічэнне незаконным і збіраецца гэта даказаць суду:

– Адвакат у мяне ёсць на гэты суд ад “Вясны”. Разам з ПЦ “Вясна”, студэнцкай Радай і Задзіночаннем беларускіх студэнтаў мы склалі позву ў суд на 14 старонак. Я накіраваў ліст у Міністэрства адукацыі адносна маёй скаргі на загад рэктара аб маім адлічэнні. А ў загадзе напісана, што “Міністэрства адукацыі не ўпаўнаважана адмяняць загады рэктара БДПУ”. Не ведаю, што гэта за адказ, бо Міністэрства адукацыі – вышэйстаячая арганізацыя.

На Дзень Волі Крысціян Шынкевіч быў брутальна затрыманы ў офісе Праваабарончага цэнтра “Вясна” падчас інструктажу перад назіраннем за акцыяй. Яго разам з іншымі назіральнікамі даставілі ў РУУС Першамайскага раёну, але потым адпусцілі. На наступны дзень студэнта затрымалі зноў падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Суткі ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, а затым яго асудзілі па артыкуле за дробнае хуліганства і прысудзілі штраф памерам 20 базавых велічыняў. Пасля гэтых падзей актывіст даведаўся, што яго заднім днём адлічылі з універсітэта. Афіцыйная прычына – «невыкананьне абавязкаў навучэнца».

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sputnik.by