Крывальцэвіч: Не думаю, што пра рэпрэсіі ў архівах КДБ ўсё было знішчана
У прасторы «Тэрыторыя правоў» у Менску адбылася адкрытая лекцыя археолага Міколы Крывальцэвіча пра раскопкі ў Курапатах. Работы ў канцы 80-х гадоў паказалі беларусам трагедыю, якую зазнаў наш народ падчас сталінскага тэрору. Падчас лекцыі слова ўзяў даследчык сталінскіх злачынстваў Ігар Кузняцоў і заявіў, што раскрыццё архіваў КДБ з высокай верагоднасцю не раскрые ўсёй праўды, паколькі шмат дакументаў яўна знішчаны.
Мікола Крывальцэвіч пагаджаецца з тэзай Кузняцова толькі часткова:
– У пэўнай ступені можна з гэтым згадзіцца. Але я не думаю, што ўсё было знішчана. Вялікая колькасць інфармацыі павінна была захавацца, хаця б ускоснай інфармацыі, якая дазволіць наблізіцца да раскрыцця ўсіх гэтых таямніц. Хаця якія таямніцы?! Вядома, што рабілася. Толькі гэта трэба напоўніць большай канкрэтыкай і разуменнем.
На думку Міколы Крывальцэвіча, у кожным выпадку дадзеныя раскрытых архіваў Камітэта дзяржбяспекі дапамогуць даследчыкам сталінскага тэрору. Дасведчаныя гісторыкі нярэдка атрымліваюць пацверджанні ці абвяржэнні сваім гіпотэзам дзякуючы нават ускосным сведчанням. У справе Курапатаў істотная кожная дробязь, яна можа вывесці на новае адкрыццё альбо канкрэтызаваць нейкія лічбы.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота Максіма Каўняровіча і Евы Бардзілоўскай