“Крызісныя пакоі” – ва ўсіх раёнах Берасцейшчыны



Ва ўсіх раёнах Берасцейшчыны сёлета будуць адкрытыя “крызісныя пакоі”, дзе ахвяры сямейнага гвалту змогуць знайсці прытулак. Такое рашэнне прыняў Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэта. Пакуль у вобласці працуе 7 “крызісных пакояў”, у якіх за 2015 год знайшлі прытулак паўсотні ахвяр хатняга гвалту.

“Усё гэта толькі паверхня праблемы. На жаль, большасць церпіць. І з нашымі жанчынамі трэба працаваць у гэтым кірунку,” – кажа псіхолаг Алена Краўцова.

– Вельмі складана жанчынам усведамляць, што насамрэч адбываецца ў такіх узаемаадносінах. Бо ёсць шмат спосабаў апраўдання, тлумачэння такіх дачыненняў. Можна казаць пра тое, што ўсе мы людзі складаныя, нам цяжка будаваць узаемаадносіны. І ўсё далей, такім чынам, чалавек паглыбляецца ў стан прыгнечанасці, апатыі.

У Берасцейскай вобласці “крызісныя пакоі” для ахвяр сямейнага гвалту пераважна дзейнічаюць пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання, але ў Баранавічах – пры рэлігійнай арганізацыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск