Ксенія Луцкіна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання



Член асноўнага складу Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне журналіст Ксенія Луцкіна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, паведамляе прэс-служба КР.

Напярэдадні ў КР паведамілі, што Луцкіна перастала выходзіць на сувязь. Да гэтага яна паспела адправіць экстраннае трывожнае паведамленне. Геалакацыя яе тэлефона паказала, што яна знаходзіцца дома, з чаго ў КР зрабілі выснову, што ў яе дома ідзе вобшук. Пасля гэтая інфармацыя пацвердзілася. У Каардынацыйнай радзе выказалі здагадку, што прыход сілавікоў можа быць звязаны з серыяй вобшукаў, якія 22 снежня правялі ў супрацоўнікаў „Прэс-клуба Беларусь”.

„Учора пасля вобшуку сваякам сказалі, што Ксенію забіраюць на Кальварыйскую, 14. Гэта ДФР (дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. — БелаПАН.). Адпаведна, яна затрыманая, хутчэй за ўсё, імі і знаходзіцца ў ІЧУ. Зараз адвакат едзе туды падаць апавяшчэнне аб прыняцці абароны і ордэр”, — паведамляе прэс-служба КР.

22 снежня заснавальніцу „Прэс-клуба Беларусь” Юлію Слуцкую перахапілі ў мінскім аэрапорце, калі яна вярталася з дачкой з Егіпта. У кватэрах Слуцкай і праграмнага дырэктара арганізацыі Алы Шарко прайшлі вобшукі. Абедзвюх даставілі ў ДФР. Акрамя таго, перасталі выходзіць на сувязь дырэктар прэс-клуба Сяргей Альшэўскі і праграмны дырэктар акадэміі прэс-клуба Сяргей Якупаў. Паводле наяўнай інфармацыі, учора ў іх таксама прайшлі вобшукі.

Прэс-служба Камітэта дзяржкантролю паведаміла аб правядзенні праверкі „па фактах парушэнняў падатковага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асоб культурна-асветніцкай установы „Журналісцкая майстэрня прэс-клуб” і іншых суб’ектаў гаспадарання, звязаных у тым ліку з паступленнем буйных грашовых сум з-за мяжы”.

Варта зазначыць, што цяпер на допыце ў Следчым камітэце знаходзіцца член асноўнага складу КР, музыкант Уладзімір Пугач. Ён быў выкліканы на 9.30. Напярэдадні, 22 снежня, у СК на працягу чатырох гадзін дапытвалі яшчэ аднаго члена асноўнага складу КР — педагога, кіраўніка рэпетытарскага цэнтра „100 балаў” Яўгена Лівянта, а на мінулым тыдні — старшыню Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэя Бастунца і стваральніка і ўладальніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса. Яны таксама ўваходзяць у асноўны склад КР.

КР была створаная ў жніўні па ініцыятыве экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Па факце стварэння КР і ў дачыненні да шэрагу яго членаў Генпракуратура распачала крымінальныя справы па некалькіх артыкулах КК.

БелаПАН