Ксенія Максымлюк: Я спадзяюся, што ўкраінскі народ не стоміцца змагацца



Госця Радыё Рацыя журналістка ўкраінскага тэлеканала „Суспільне” Ксенія Максымлюк, якая знаходзіцца ў Тэрнопалі, распавяла ў эфіры Радыё Рацыя пра змаганне украінцаў супраць расейскай агрэсіі, паветраныя трывогі ў горадзе і чаму нельга спыняцца дапамагаць ЗСУ.

– У горадзе цяпер дастаткова спакойна, кожны дзень мы чуем паветраную трывогу, што азначае пагрозу ракетнага ўдару і патрэбна бегчы хавацца ў падвал. І калі на другім і трэцім месяцы вайны людзе не моцна ўжо хаваліся, бо шмат трывог і многа часу даводзіцца сядзець у падвале, то цяпер, пасля апошніх падзей ва Украіне, нават у Тэрнопалі, горадзе, дзе не так часта адбываюцца ракетныя абстрэлы, людзі хвалююцца, перажываюць і намагаюцца ратаваць нейкім чынам свае жыцці і ўсё ж калі паветраная трывога, бегчы ў бомбасховішчы, падвалы і чакаць, калі будзе бяспечна і можна будзе выйсці на вуліцы.

– Часта мы гаворым такую рэч, нібыта ва Украіне ўжо прызвычаілся да такога жыцця, калі сірэны выюць, а мы ідзем па сваіх справах далей. Ты кажаш, што такі падыход мяняецца, як ты бачыш?

– Тут трэба правільна разумець, што людзе не могуць пастаянна быць у трывозе, гэта такі псіхалагічны стан, калі яны пачынаюць прымаць тое, што яны на вайне, як факт. Яны спрабуюць псіхалагічна сябе ратаваць штодзённымі справамі: купляць каву, працягваць хадзіць час ад часу ў кавярню, проста, каб псіхалагічна вытрымаць, не быць пастаянна ў навінах і падзеях, а знаходзіць нейкі баланс, штосьці добрае ў жыцці. Такім чынам падбудоўвацца, што вайна можа быць надоўга, а калі мы цяпер выгарым, то не зможам далей дапамагаць нашым воінам, нашай краіне змагацца з агрэсарам.

– Скажы, калі ласка, свае назіранні, такая моцная сувязь паміж народам Украіны і войскам засталася, як і напачатку вайны, калі фактычна кожны ўкраінец дапамагаў войску. Такая тэндэнцыя змянілася?

– Вельмі вялікая падтрымка. Вось, што я бачу ў сваім атачэнні, у сваіх сяброў, у сваім горадзе, вельмі шмат ініцыятыў, кожны стараецца дапамагчы розным спосабам. Хтосьці стварае фонды, дасылае грошы проста на ЗСУ, хтосьці робіць флешмобы, хтосьці прадае свае кніжкі і дасылае грошы на армію, хтосьці перамагае ў розных турнірах, нават маленькія дзеці далучаюцца. І тое, што мы бачым працягваецца да гэтага часу. Кожны хоча быць карысным розным чынам, хтосьці валанцёрыць, хтосьці проста перакідвае грошы, хтосьці ездзіць на перадавую і там нейкім чынам дапамагае. Напраўду, мяне захоплівае мой народ, наколькі ён кансалідаваны ў сваім жаданні, як можна хутчэй пабачыць перамогу ў нашай краіне. І еднасць цяпер на высокай хвалі, я спадзяюся, што не стоміцца ўкраінскі народ змагацца.

Цалкам рамзову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя