Ксяндза Вячаслава Барка выклікалі ў Следчы камітэт



12 лістапада ў раённы аддзел Следчага камітэта ў Расонах (Віцебская вобласць) быў выкліканы ў якасці сведкі ксёндз Вячаслаў Барок.

Барок вядзе свае блогі на YouTube, Facebok і Instagram. Апошнім часам ён выказваўся на актуальныя тэмы — пра гвалт з боку міліцыі ў Беларусі, прыроду агрэсіі, стаўленне каталіцкай царквы да розных ідэалогій.

„Следчага цікавілі мае выказванні ў блогу, размяшчэнне ў Instagram працы Уладзіміра Цэслера „Стоп лукашызм”. Ён сказаў, што я выкліканы як сведка па справе, якой пакуль няма. Следчы прызначыць лінгвістычную экспертызу маіх выказванняў”, — распавёў святар БелаПАН.

У СК Барок даў пісьмовыя тлумачэнні, дзе засведчыў, што гэта „клопатная справа — весці YouTube у Беларусі і прапаведаваць”. Ён таксама патлумачыў, што „інструкцый з Варшавы на развал краіны” ён не атрымліваў, а інтэрнэтам карыстаецца, таму што так раіў папа Францішак — „найлепшы папа, на думку аднаго эксперта, які бачыў шмат папаў” (маюцца на ўвазе выказванні Аляксандра Лукашэнкі. — БелаПАН.).

Святар таксама пазначыў, што фашызм і камунізм былі асуджаныя энцыклікамі папы Пія XII як ілжывыя вучэнні, таму ён, Вячаслаў Барок, выступае супраць гэтых ідэалогій.

belapan.by