Ксяндза Вячаслава Барка зноў выклікаюць у Следчы камітэт
Сёння, 29 студзеня, ксяндза Вячаслава Барка зноў выклікалі ў Следчы камітэт. Гэтым разам ягонай справай займаецца Полацкі міжраённы аддзел.
Разбіральніцтва ў дачыненні да каталіцкага святара распачалося яшчэ ў лістападзе. 12 лістапада Барка выклікалі ў раённы аддзел Следчага камітэту ў Расонах нібыта “ў якасці сведкі”, а насамрэч у межах распачатая праверка зместу блогаў самога ксяндза на YouTube, Facebok і Instagram наконт выяўлення экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У пошуках прыкметаў экстрэмізму, допісы святара ў сацсетках былі накіраваныя на лінгвістычную экспертызу. 4 студзеня, паколькі сувязі “з неатрыманнем вынікаў экспертызы” праверка была прыпынена, але распачалася зноў.
Паралельна з праверкай “па экстрэмізме” супраць ксяндза ў снежні распачалася адміністратыўная справа датычна зместу ягоных блогаў. На яго быў складзены пратакол з абвінавачаннем, нібы антыфашысцкі плакат мастака Уладзімера Цэслера, размешчаны ксяндзом у інстаграме, з’яўляецца публічнай дэманстрацыяй і прапагандай нацыскай сімволікі.
3 снежня Вячаслава Барка судзілі паводле артыкула 17.10 КаАП «Прапаганда і (ці) публічная дэманстрацыя, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі», і яму было вынесена спагнанне ў выглядзе 10-дзённага адміністратыўнага арышту, які ксёндз адбываў у Віцебску.
novychas.by паводле facebook.com