Ксяндзу Вячаславу Барку прысудзілі 10 сутак «за прапаганду нацысцкай сімволікі»



Пробашча расонскага касцёла пакаралі паводле артыкула 17.10 КаАП (“Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі”).

Справу супраць ксяндза распачаў аддзел крымінальнага вышуку, прычынай для адміністрацыйнага пераследу стала тое, што Вячаслаў Барок размясціў у сацыяльных сетках выяву плаката Уладзіміра Цэслера “Стоп Лукашызм”. На ім міліцыянты ўбачылі свастыку, і суд расцаніў гэта як прапаганду “нацысцкага сімвала”.

Сваю пазіцыю ксёндз Вячаслаў Барок агучыў і ў судзе, і сваім відэаблогу на Youtube.com:

– Размяшчаючы свой пост у жніўні, калі я размясціў мастацкі твор Цэслера “Стоп Лукашызм!”, я не размяшчаў нямецкай фашыстоўскай свастыкі. Я размясціў гэты плакат, паказваючы свой пратэст супраць гвалту, які адбыўся ў Беларусі ў жніўні месяцы.

Даведаўшыся пра адміністрацыйны пераслед ксяндза Вячаслава Барка, на ягоную падтрымку выступіў і сам мастак Уладзімір Цэслер. Ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што выкарыстаны ў ягонай працы вобраз “мае прамую антыфашысцкую накіраванасць. Трактоўка гэтай працы ў якасці прапаганды або дэманстрацыі нацысцкай і фашыстоўскай сімволікі ёсць абсурднай у сілу прамой антыфашысцкай сутнасці”.

Уладзімір Цэслер патлумачыў сутнасць сваёй мастацкай задумы:

– Гэты плакат пра тое, што ў нашай рэспубліцы наспявае генацыд супраць уласнага народу. І гэтая свастыка – з нашага дзяржаўнага сцяга. Бо цяпер ізноў фашыстоўскія ноткі праслухоўваюцца. І гэты плакат – засцярога, каб ізноў гэтага не здарылася.

Суд не прыняў да ўвагі ні аргументы мастака, ні тлумачэнні ксяндза Вячаслава Барка. 10 сутак арышту ён мае адбыць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Наваполацку.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск