Ксёндз Антоні Грэмза: Дзень, калі варта падумаць пра каштоўнасці сям’і
14-га лютага – дзень Святога Валянціна. Дзень пакутнай смерці святога біскупа Валянціна заклікае шанаваць таямніцу шлюба, быць гатовым ахвяраваць сябе дзеля каханага чалавека. На жаль, у грамадстве гэтае свята ўспрымаецца часта толькі як прадукт спажывецкай індустрыі. Меркаваннем каталіцкай Царквы да адзначэння гэтага свята дзеліцца ксёндз Антоні Грэмза з Гародні:
– Для каталіцкай моладзі, а таксама моладзі, якая не мае дачынення з касцёлам, або з хрысціянствам, трэба на гэта звяртаць вельмі вялікую ўвагу. Каб не толькі бачыць нейкія любоўныя, рамантычныя адносіны паміж хлопцам і дзяўчынай, што яна вельмі прыгожая, захапляючая, дзівосная, але паказваць прыгажосць жыцця згодна з Божым планам – гэта заснаванне сям’і, гэта верная любоў, гэта любоў, якая згаджаецца на ахвярнасць, на нараджэнне дзяцей, на сумеснае выхаванне, гэта таксама і адказнасць адзін за аднаго.
Як згадвае ксёндз Антоні, святы Валянцін перад сваёй смерцю блаславіў сужонства, каб яны былі разам, да канца. Гэтае свята дае падставу разважаць пра ўзаемнае каханне, ажно да смерці, – падсумоўвае святар.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя