Ксёндз Ян Кучынскі: Без прабачэння няма любові
Хрысціяне чакаюць сваё найбольш значнае каляндарнае свята. А між тым ідзе Вялікі пост, час для пераасэнсавання, ачышчэння ўласных думак і паводзінаў. Наш карэспандэнт гутарыць з гарадзенскім ксяндзом Янам Кучынскім пра найбольшыя праблемы духоўнага стану чалавека, якія атачаюць і не даюць раўнавагі.
РР: Мы з вамі гутарым у апошні дзень Вялікага посту, калі яшчэ ёсць магчымасці нашым слухачам зазірнуць у таямніцы чалавечай душы і ў тыя праблемы, якія мы ўсе апошнія два гады перажываем. Асабліва гэта звязана з падзеямі, якія адбываюцца вакол Беларусі. І тут узнікае праблема перадусім нашага страху і нянавісці, а значыць, задача прабачэння стаіць як найбольш актуальна. Якое тлумачэнне Вы выдалі б у сувязі з гэтымі падзеямі? Як перакрочыць чалавеку гэтыя небяспекі, якія ў першую чаргу тычацца ўласна чалавечай псіхікі і душы?
Ксёндз Ян Кучынскі: Мы ведаем, што без прабачэння няма любові. І без прабачэння мы не можам называцца хрысціянамі. Толькі той, хто называецца хрысціянінам, хто прызнаецца да Езуса, толькі праз прабачэння можа гэтак называцца. Таму што мы ведаем і бачым у Евангеллі, што Езус заўсёды падкрэслівае гэтае прабачэнне. Таму што праз прабачэнне мы робімся свабоднымі людзьмі. Без прабачэння мы не можам гаварыць, што мы з’яўляемся хрысціянамі, што мы любім бліжняга. Як можна любіць, не прабачыўшы? Канешне, гэта вельмі цяжка зразумець, прыняць і жыць. Таму ўсё нашае жыццё – гэта адна вялікая лекцыя, праз якую мы павінны вучыцца, практыкавацца менавіта прабачаць другім. Я ў сваёй святарскай практыцы сустрэў вельмі шмат людзей, якія былі зняволеныя злосцю, непрабачэннем, крыўдай, якую неслі з сабой усё жыццё. У некаторых гэта праяўлялася ў фізічнай форме. І таму, калі пасля споведзі, калі пасля размовы яны гаварылі: так, я зразумеў, я зразумела, што трэба прабачыць, я прабачаю. Яны атрымлівалі здароўе, гэтыя людзі аздараўляліся. Гэтая фізічная праблема, якая ў іх была, яна праходзіла. Вельмі часта гэта сустракаю. Канешне, адна справа сказаць, што я прабачаю. Другая справа на самой справе прабачыць.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя