Ксёндз Юрый Санько: Газета „Мінская праўда” плюе ў твар мільёнам католікаў
„Газета „Мінская праўда” плюе ў твар мільёнам каталікоў”, — заявіў прэс-сакратар Беларускага каталіцкага касцёла, ксёндз Юрый Санько, каментуючы апублікаваную ў свежым нумары выдання карыкатуру на беларускіх каталіцкіх святароў.
7 верасня „Мінская праўда”, афіцыйны орган Мінскага аблвыканкама, размясціла на першай паласе карыкатуру на беларускіх каталіцкіх святароў, выкарыстаўшы нацысцкую свастыку. Аўтар карыкатуры таксама размясціў мастацкія выявы святароў з Росіцы Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча, якія разам са сваімі прыхаджанамі былі па-зверску забітыя гітлераўцамі ў 1943 годзе. Каталіцкі касцёл іх беатыфікаваў (прызнаў добраславёнымі), бо святары адмовіліся па прапанове гітлераўцаў пакінуць сваіх парафіянаў, каб застацца ў жывых.
„У час, калі беларускі народ стомлены рашэннем грамадска-палітычных пытанняў, змучаны барацьбой з пандэміяй каранавіруса, у святле новаўтворанага свята „народнага адзінства”, рэдакцыя газеты „Мінская праўда” плюе ў твар мільёнам католікоў, якія жывуць у нашай краіне. А калі ўважліва паглядзець на размешчаную на першай старонцы карыкатуру, дзе зневажаецца крыж, то, лічу, што абражаюць усіх хрысціян. Прапаганда нацысцкай сімволікі”, — напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” ксёндз Юрый Санько.
„Што гэта? Правакацыя? Хайп? Гэта наша рэальнасць! Не магу не нагадаць, што кожны тыдзень мы молімся і за ворагаў касцёла”, — адзначыў святар.
Беларускае заканадаўства забараняе публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі, за гэта прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Распальванне міжрэлігійнай і іншай варожасці ў Беларусі пераследуецца паводле закона. У прыватнасці, артыкул 130 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае за распальванне варожасці і непрыязнасці да 12 гадоў пазбаўлення волі (калі ад распальвання варожасці наступілі цяжкія наступствы).
БелаПАН