Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок выйшаў на волю
У Віцебску пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю ксёндз Вячаслаў Барок пробашч расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча. 3-га снежня суд у Расонах прызнаў ксяндза вінаватым за прапаганду нацысцкай сімволікі – за тое, што Вячаслаў Барок размясціў на сваіх старонках у сацыяльных сетках выяву плаката Уладзіміра Цэслера “Стоп Лукашызм”. Ксёндз Вячаслаў сваёй віны не прызнаў, ён цвердзіў, што гэты твор мае антыфашысцкі змест. І што ён размясціў яго, бо асуджае таталітарныя рэжымы, якія прыгнятаюць і забіваюць людзей.
На волі Вячаслава Барка сустракалі некалькі дзясяткаў людзей, што падтрымліваюць гэтую ж пазіцыю. І ксёндз кажа, то адчуваў падтрымку нават за кратамі:
– Вельмі цешыць салідарнасць! Я астрымаў амаль 4 дзясяткі лістоў з усяе Беларусі. Пісалі мне і католікі, і баптысты, і праваслаўныя, і вось гэтая салідарнасць хрысціянаў, а таксама і атэістаў у змаганні за праўду, яна захапляе!
Сустракаць ксяндза Вячаслава людзі прыйшлі да следчага ізалятара, дзе яго ўтрымлівалі пад арыштам. Аднак міліцыя, верагодна, баючыся грамадскіх пратэстаў пад сценамі СІЗА, за гадзіну да вызвалення вывезла яго на чыгуначны вакзал. Там і адбылася сустрэча. Заўтра ў Вячаслава Барка адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе – ён спрабуе аспрэчыць вырак расонскай суддзі Рады Дамініч, якая абвінаваціла яго ў прапагандзе нацысцкай сімволікі.
***
Жыхары Віцебска сабраліся калі мясцовага ізалятара часовага ўтрымання, каб сустрэць асуджанага ксяндза Вячаслава Барка, пра гэта паведамляе наш карэспандэнт.
– Сёння а 16-й гадзіне каля віцебскага ізалятара сабраліся людзі, каб сустрэць ксяндза Вячаслава Барка. Ён адбыў у Віцебску 10 судняў, за тое што размясціў у сацыяльных сетках плакат Цэслера. Гэты плакат быў кваліфікаваны міліцыянтамі як прапагандна нацысцкай сімволікі. Людзі сабраліся, бо хацелі яго прывітаць на волі. Прыйшло каля 30 чалавек. Але выйшаў супрацоўнік СІЗА і сказаў, што Барка тут няма, што яго забраў орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, яго вывезлі, і што сапраўды яго адпусцяць, але час дакладна невядомы, і ў Віцебску яго сустракаць не мае сэнсу. Але народ стаіць і чакае.
Але ксяндза Вячаслава Барка проста вывезлі на вакзал і там яго сустрэлі віцябляне і журналісты.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск