Кубкі з беларускімі кветкамі і вершамі



Спалучыць прыгожае пісьменства з беларускімі раслінамі, краскамі, кветкамі здолела гаспадыня гарадзенскай крамы „Адметнасць” Вольга Верамеенка.

Дваццаць чатыры керамічныя кубкі складаюць тэматычную нізку „Беларускія расліны”. Каб людзі не забываліся на беларускія назвы – галоўная ідэя прадукту.

Кажа Вольга Верамеенка:

– Мне заўсёды хацелася нечага такога прыгожага, цікавага. І кветкі… я ж увогуле яшчэ і аграном. І кветкі – гэта маё ўсё. Мне хацелася нейкія вельмі прыгожыя кубачкі. Мяккага, жаночага, прыгожага. І вось да мяне прыйшла такая думка, што я зраблю кубачкі менавіта з беларускімі кветачкамі. Гэта нашыя кветкі, якія растуць у Беларусі, з беларускімі назвамі, менавіта каб ведалі назвы нашых беларускіх кветак.

На кубках разам з раслінамі цытаты з вершаў нашых славутых паэтаў: Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Дубоўкі ды іншых.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара