“Культурны код”: дыскусія ў Гародні



Гарадзенская прастора «Партал» стала месцам, дзе адбылася дыскусія на тэму “Беларускі нацыянальны код”. Арганізатары і выступоўцы абмеркавалі на сустрэчы гарадзенскае правядзенне Дня Волі, тыя падзеі, што адбыліся на гэтае свята ў Менску, а таксама тое, што з’яўляецца складнікам нацыянальнага кода. Пра яго складнікі кажа сцэнарыст і рэжысёр Георгій Войтка:

Тое, што закадавана ў тэкстах нацыянальнай літаратуры, пачынаючы ад Адама Міцкевіча, далей Эліза Ажэшка, Янка Купала. Хоць яны пісалі і на розных мовах, але мы можам сябе нейкім чынам з імі ідэнтыфікаваць. І вельмі важна зразумець, чаму мы паводзім сябе так ці іначай, якім чынам у нас гэтыя знакі працуюць.

Для журналісткі і грамадскай актывісткі Алены Кавальчук гэта сустрэча стала месцам, дзе яна пачула розныя меркаванні пра нацыянальную ідэнтычнасць.

– Цікава было паслухаць розныя меркаванні наконт нашага культурнага кода, бо я бачу, што наша грамадская супольнасць Беларусі мае розныя інтарэсы, ёсць розныя групоўкі. І было цікава паслухаць меркаванні, як іх можна аб’яднаць, ці ўвогуле трэба гэта рабіць, якія ёсць на гэты конт ідэі.

Дыскусія пра нацыянальны код стала ўжо трэцяй з праведзеных дыскусійных сустрэчаў пра культуру ў гарадзенскім “Партале”, і, на думку арганізатараў, падобныя сустрэчы карыстаюцца попытам у гарадзенцаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня