Культурны цэнтр ладзіць у Варшаве курсы беларускай мовы
Дзяржаўныя ўстановы падхопліваюць ідэю правядзення курсаў беларускай мовы. Культурны цэнтр Беларусі, які дзейнічае пры амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Польшчы, заклікае: „Давайце размаўляць па-беларуску!” і запрашае на заняткі ў Варшаве.
„Курсы бясплатныя і будуць праводзіцца для дзвюх груп”, – адзначае намесніца дырэктара Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы Юлія Рубіна:
– Адна група будзе для тых, хто толькі пачынае вывучаць беларускую мову, будзе ад самага пачатку, ад літар, ад альфабэту, ад самых такіх простых рэчаў. Другая група – гэта людзі, якія ўжо калісьці вывучалі беларускую мову, вывучалі можа іншую славянскую мову, ім прасцей будзе пачынаць. Да нас звярталіся таксама і беларусы, якія калісьці вывучалі беларускую мову, але даўно ўжо пераехалі і жывуць у Польшчы.
Арганізацыйная сустрэча пройдзе 3-га лютага ў памяшканні Культурнага цэнтра Беларусі, па вуліцы Каралевы Марысенькі 66 у Варшаве. Заняткі будуць праводзіцца прыкладна раз у тыдзень, а весці іх будуць выкладчыкі з Кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Беларускае Радыё Рацыя