Курапаты: Акцыя памяці і працяг варты
Перад забаўляльнай установай «Поедем поедим» каля месца пахавання ахвяр камуністычных рэпрэсій пад Менскам штодня пратэстуюць грамадскія актывісты.
Гаворыць Ганна Шапуцька – каардынатар ініцыятывы “За выратаванне мемарыялу Курапаты”.
– Адбылася не толькі акцыя па ўшанаванні памяці, але і працягваецца варта. Мы стаім побач з гэтым рэстаранам, пратэстуючы супраць яго працы. Бачыце, як гэтымі бліскучымі святочнымі агнямі зіяе гэты «Бульбаш-хол», і таксама там вялікая-вялікая елка, якая здзекліва глядзіць на курапацкія крыжы. Толькі ганьба гэтым людзям, толькі ганьба, і мы будзем стаяць да таго моманту, пакуль яны не зачыняцца.
Дзяржава нібыта не ўблытваецца ў канфлікт паміж уласнікамі комплексу і актывістамі. Аднак пратэстоўцаў пастаянна штрафуюць за нібыта здзейсненыя парушэнні правілаў дарожнага руху на прылеглай тэрыторыі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтара