Курапаты: супрацьстаянне працягваецца



Каля рэстарана „Поедем поедим” побач з  мемарыялам Курапаты было горача ў прамым і пераносным сэнсе. Міліцыя ў цывільным спіхвала  людзей, якія блакавалі ўезд у рэстаран, с праезнай часткі.

Па словах сустаршыні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, пртэстоцаў сабралася дастакова шмат – каля 20 чалавек:

– У дванаццаць трыццаць пад’ехалі дзве машыны – смеццявоз і машына з прадуктамі. Пратэстоўцы сталі, не пускаючы іх у гэты “Бульбаш-хол”. А супрацоўнікі міліцыі і ДАІ спрабавалі спіхнуць людзей. Была штурханіна. Таццяну Яўгенаўну Севярынец яны піхнулі. Яна апынулася на асфальце. Пасля гэтага людзі пачалі крычаць. Міліцыянты адступілі. Аформілі два пратаколы – адзін на мяне, другі – на Аляксея Туровіча. Мы перакрываем дарогу машынам, каб яны сюды не заязджалі.

Таццяна Севярынец, маці Паўла Севярынца:

– Я проста даўно ў такіх акцыях удзельнічаю. Але міліцыянты мяне брутальна абхапілі. І не было як паварухнуцца. Я спатыкнулася і села на зямлю. Яны спалохаліся. Тут насамрэч ёсць гвалт, ёсць насілле над людзьмі, над законам, над Беларусюю, над памяццю!

Алесь Бяляцкі, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна”:

– Мы прыйшлі разам са Зміцерам Салаўёвым выказаць сваю пазіцыю з пункту погляду гэтага канфлікту грамадства, бізнеса і дзяржавы. Гэтыя тры кропкі адназначна задзейнічаны ў гэтым канфлікце. Грамадства  трыццаць гадоў таму заявіла пра тое, што гэтае месца вартае ўшанавання. Я нагадаю, што ў чэрвені 1988 года адбылася першая дэманстрацыя ў Курапатах. Гэта была ўвогуле першая дэманстрацыя за многія дзясяткі гадоў у Беларусі.

І вось мінула трыццаць гадоў, і нічога не змянілася. Больш таго, пачаліся такія амаральныя і цынічныя крокі, якія зневажаюць гэтае месца. Гэта знішчае нашу гістарычную памяць. Мы не павінны забываць пра тое, што тут адбывалася. Калі людзей забівалі як жывёл. Я прыйшоў сюды, каб выказаць свой пратэст. Тым больш, што ў той дэманстрацыі 30-гадовай даўніны я браў удзел. Як чалавеку, мне вельмі крыўдна і прыкра на душы, што пры папушчальніцтве дзяржавы такі бяздушны бізнес спрабуе знішчыць сакральнасць гэтага месца. Я заклікаю ўсіх неабыякавых людзей, хто мае 5 хвілін, гадзіну, дзве прыязджаць сюды і мірным шляхам паказваць і ўладам, і ўладальнікам рэстарана, што гэта няправільна тое, што тут адбываецца зараз.

І нам усім разам трэба гэту сітуацыю змяніць, – дадаў Алесь Бяляцкі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ПЦ „Вясна”