Курапаты як агульная трагедыя беларусаў і палякаў



Месца памяці Курапаты стала прадметам абмеркавання супольнай канферэнцыі Інстытута Пілецкага і Беларускага Дома ў Варшаве, якая прайшла ў рэжыме анлайн. Удзельнікі абмеркавалі масавыя рэпрэсіі, якія зазналі беларусы і палякі з боку таталітарнай савецкай улады ў 1937–1941 гадах.

Кажа даследчык Алесь Смалянчук:

– Палітычную гісторыю Беларусі 1920-40-ых гадоў часам называюць нацыянальнай катастрофай. Я б, можа, ужыў больш моцны выраз. Мы мусім казаць не толькі пра нацыянальную катастрофу, мы можам казаць пра антрапалагічную катастрофу. Масавыя савецкія рэпрэсіі – адным з іх наступстваў было знішчэнне свабоднага чалавека і выхаванне пакаленняў людзей, няздольных нават думаць пра ўласнае права на свабоднае і шчаслівае жыццё ва ўласнай краіне.

На думку Алеся Смалянчука, адной з галоўных праблемаў Курапат, як месца памяці, з`яўляецца адсутнасць новага пакалення маладых даследчыкаў гэтай тэматыкі. Тэма Курапат таксама падаецца рэжымам Беларусі як старонка славы дзейнасці КДБ у краіне.

 Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя