Курсы польскай мовы набіраюць папулярнасць
Незвычайная папулярнасць курсаў польскай мовы ў сённяшняй Беларусі ў вялікай ступені тлумачыцца імкненнем беларускіх грамадзян атрымаць карту паляка, якая з нядаўняга часу дае яе ўладальнікам даволі істотныя льготы ў Польшчы. Дзейнічаюць такія курсы і пры сядзібе ТБМ у Менску. Распавядае іх выкладчыца Людміла Гурлевіч.
– Каля трох гадоў мы разам з Таварыствам беларускай мовы арганізоўваем гэтыя курсы. Чаму польская мова праз беларускую? Бо гэта вельмі блізкія мовы, таму вывучаць польскую мову праз беларускую прасцей, чым праз расейскую. Зацікаўленасць сярод людзей вялікая. Перадусім дзякуючы магчымасці атрымаць карту паляка. Але ёсць студэнты, якія вывучаюць польскую мову для сябе, некаторыя хацелі б вучыцца ў Польшчы. А некаторыя папросту, каб ведаць мову суседзяў.
Нават пры наяўнасці бясплатных курсаў польскай мовы, якія арганізуе ў Беларусі польскі бок, шматлікія жадаючыя засвоіць польскую мову аддаюць перавагу платным заняткам, бо там меншыя па колькасці навучэнцаў групы і навучанне праходзіць у больш зручны час.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск