Кветкі да помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій
Акцыю да дня памяці палітычных рэпрэсій правялі і прадстаўнікі берасцейскай абласной арганізацыі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада). Яны ўсклалі кветкі да помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Актывісты таксама зрабілі невялікую прыборку тэрыторыі, усклалі кветкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых, – паведаміў палітык Ігар Маслоўскі:
– Гэта «чорны дзень» у беларускай гісторыі. Штогод мы праводзім мерапрыемствы, прысвечаныя гэтым трагічным падзеям. Мы памятаем, што толькі ў ноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года было расстраляна больш ста беларускіх пісьменнікаў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў. У сучаснай Беларусі ў грамадзянскай супольнасці, у палітычных партый ды і проста ў грамадзян ёсць сур’ёзныя прэтэнзіі да беларускіх уладаў па рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў.
„Сацыял-дэмакраты ўсёй сваёй дзейнасцю будуць садзейнічаць рэалізацыі палітычных правоў для ўсіх грамадзянаў Беларусі,” – падагульніў Ігар Маслоўскі.
Беларускае Радыё Рацыя