Кветкі на магілу Алега Лойкі
1 траўня споўнілася б 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, навукоўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Алега Лойкі (1931-2008). Родам ён быў са Слоніма, дзе і пражыў апошнія гады свайго жыцця.
Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл 30 красавіка наведалі магілу Алега Лойкі ў Слоніме, усклалі кветкі і прыгадалі яго жыццёвы і творчы шлях. Сяргей Чыгрын, у прыватнасці, сказаў, што Алег Лойка — адзін са знакамітых беларусаў ХХ стагоддзя і найвялікшы слонімец, пра якога, на жаль, забыліся слонімскія ўлады. Да сённяшніх дзён няма ў Слоніме помніка Алегу Лойку, няма шыльды на будынку школы, дзе ён вучыўся, ды і вуліцу ў некалькі хат у яго гонар назвалі недалёка ад саміх могілак — на ўскрайку горада, не з’яўляецца ён ганаровым грамадзянінам Слоніма, чаго заслугоўваў і заслугоўвае ў першую чаргу. «Але Алег Лойка, — сказаў Сяргей Чыгрын», — застанецца ў нашай гісторыі назаўсёды і верыцца, што час Алега Лойкі яшчэ завітае на Беларусь».
Беларускае Радыё Рацыя, Слонім